• Авторизация


Бацькаўшчына 17-11-2015 08:51 к комментариям - к полной версии - понравилось!


Зноў пачаўся пэрыяд, калі ў нашым прыдушаным апатычным грамадзтве стала адчувацца неўсьвядомленае чаканьне пераменаў. Гэта зусім не азначае, што такія палітычныя перамены пачнуцца, бо ў краіне няма моцнай арганізаванай сілы, здольнай на салідарнае рушэньне. Але аб’ектыўна мусіла б зьявіцца запатрабаваньне. Гэтая магчымасьць павінна таксама ўлічвацца. Як на мой погляд, яна ўлічваецца найперш тымі, хто працягвае нашае нацыянальнае зьнішчэньне.

Ганебна, але ў палітычным балоце, якое стварыў акупацыйны рэжым разам з сваёй агентурнай апазыцыяй, зноў відаць імкненьне Масквы сфармаваць тут у нас сваю новую кіруемую квазіапазыцыю і выпрабоўваць свае падстаўныя альтэрнатывы.

Пакуль ідуць экспэрымэнты з правакатарамі і падсаднымі качкамі, мы павінны ведаць найперш тое – чыя гэта праца і для чаго яна робіцца. Дэкарацыі пацешныя, але Масква ніколі не гнушалася выкарыстоўваць такое ў сваіх авантурах. Іншая справа наколькі цяпер тое можа быць сур’ёзна? Мяркую, што гэта варыянт на непрадбачаныя абставіны, якія могуць узьнікнуць у выніку пагаршэньня эканамічнага стану грамадзтва.

Такое заўважыў не адзін я, але і іншыя людзі, і яны нават выказаліся публічна. Цікава тут тое, што калі б “непрадбачаныя абставіны” ўзьніклі, то Масква (згодна яе прыроды) захоча ўплываць на працэсы ў сваіх інтарэсах і магла б падтрымаць ужо не свайго “сукінага сына”, а свайго новага часовага стаўленьніка, каб рукамі беларусаў на хвалі пратэсту самым расправіцца з “сукіным сынам” і ўзьнесьці наверх новага прамаскоўскага дзеяча пад выглядам нібыта беларускай альтэрнатывы рэжыму (якога да таго ж падтрымае Захад). Такіх асобаў мы ўжо ад нядаўна бачым. Яны ўпарта сьвецяцца.

Таму я ўвесь час паўтараю, што гэтую агентурную псэўдаапазыцыю трэба будзе зносіць разам з рэжымам.

І цяпер чаго чакаць ад Захаду. Уся наша гісторыя і сучаснасьць паказваюць: акрамя падлянкі – нічога чакаць ня трэба. Дзейнічае жорсткае правіла – як толькі Захад ідзе на супрацоўніцтва з антыбеларускім рэжымам і сьведчыць сваю гатовасьць заплюшчыць вочы, рэжым адразу выкарыстоўвае момант і ўзмацняе ціск і разбурэньне беларускай культуры і каштоўнасьцяў нацыі. (Нядаўна нават зьнішчылі ўвесь наклад пасьмяротнай кнігі беларускага аўтара). Заходнія палітчыноўнікі тое ведаюць нават з заплюшчанымі вачыма. Але ўсё што робіцца творчым геніем беларускай нацыі, усё што зьяўляецца базавай каштоўнасьцю нашай нацыі – усё гэта ня ёсьць каштоўным для эўралібэралаў. Мы гэта ведаем. Таму яны будуць казаць пра дэмакратыю і пра некаторыя правы некаторых чалавекаў і адначасна гладзіць па шэрсьці Лукашэнку, азіраючыся на Маскву.

Тэракты ў Парыжы, якія адбыліся ў гэтую пятніцу (13 лістапада), нічога ня зьменяць, бо каб нешта зьмянілася, ім трэба прызнаць памылкай сваю палітыку адносна мігрантаў з Азіі і Афрыкі, а таксама двухаблічнасьць у дачыненьні да Украіны, што церпіць ад расейскай агрэсіі. Гэтага яны ня зробяць. Таму пуцінізм у націску на Эўропу пакуль што будзе выйграваць. Глядзіш, Масква яшчэ прылучыцца да «барацьбы з тэрарызмам» разам з Захадам, як некалі, зьнішчаючы вольную Чаченію. А Захад можа тады з Расеі і санкцыі зьняць і пра Ўкраіну забыцца.

У сувязі з паваротам Эўразьвязу да Лукашэнкі ўзмацнілася ня толькі пазыцыя разбурэньня беларускіх каштоўнасьцяў нацыі і культуры, але і тэндэнцыя фальсіфікацыяў зьяваў, гісторыі і фактаў, устаноўка на татальнае замоўчваньне праўды.

Улічваючы абставіны, я хачу парушыць вельмі важную тэму выжываньня беларусаў. Акупацыйны рэжым абстаўляе вынішчэньне нашай нацыі так, каб беларус не выжываў, каб ня змог бы выжыць у сваёй краіне і ўцякаў бы зь яе ратавацца ў іншыя краіны. Сродкі выжываньня зводзяцца да мінімуму. Пару гадоў таму (я пра гэта пісаў) была праведзена рэжымная апэрацыя з “афрыканскай сьвіной чумой”. Мэта апэрацыі – падрыў прыватнай сьвінагадоўлі і прыватнай гаспадаркі ў Беларусі. Беларус пры гэтым рэжыме не мае права на прыватнае валоданьне зямлёй. Зямля ва ўласнасьці рэжыма. І тым ня менш селянін выжываў, у значнай ступені дзякуючы сьвінагадоўлі. Пры савецкай акупацыі беларус яшчэ мог трымаць і адну карову. Цяпер пагалоўе кароў у вёсцы зьведзена да мінімуму. Моладзь зьязджае ўвесь час у гарады, пакідаючы на самоту хату бацькоў, альбо прадаючы яе за бясцэн каму-небудзь (найперш расейцам з РФ).

У апошні час у асяроддзі новапрыбылай гарадзкой эміграцыі зь вёсак, што аселі ў гарадах, зьявіліся сантымэнтальныя ноткі і настальгія па роднай пакінутай, запрададзенай альбо зглумленай бацькоўскай хаце. Гэта вельмі шчымлівае і моцнае пачуцьцё, здольнае апанаваць усю істоту. Але справа не ў сантымэнтах. Ня ўсе перад перасяленьнем у горад прадалі бацькаўшчыну іншым людзям, маскалям ды прыблудам. Шмат хто проста кінулі бацькавыя дамы стаяць без дагляду, не аформіўшы дакуманты аб уласнасьці. Рэжымныя ўлады (асабліва, па маіх зьвестках, на Палесьсі) разглядаюць іх як “пакінутыя”, падганяюць экскаватар, капаюць яму, зсоўваюць булдоэерам дом у яму і засыпаюць. Дзялянку выкарыстоўваюць дзеля сваёй забудовы альбо прадаюць на цёмным рынку за цёмныя грошы (ізноў жа прыбышам альбо маскоўцам). Людзі, якія зьехалі і былі неразважнымі, цяпер разумеюць, што іх пазбавілі бацькаўшчыны. Ні зямлі, ні хаты яны больш ня маюць. Іхнія карэньні вырваныя. Тут запраграмаваная палітыка акупацыйнага рэжыму.

І цяпер аб несантымэнтальных рэчах. Канец рэжыму (а ён настане) можа быць не безбалесным. Верагодны і эканамічны абвал, і дэфолт, і іншае сацыяльнае ўстрасеньне. Тысячы людзей могуць апынуцца на вуліцах. Ня стане ня толькі працы, але ня будзе чаго есьці. Зьнікне ўсялякая пэрспэктыва выжыць у горадзе. І тады надзейным прыстанішчам можа стаць толькі бацькаўскі дом і той лапік зямлі вакол яго, куды можна вярнуцца, пачаць апрацоўваць гэты лапік зямлі, завесьці гаспадарку і выжыць у ліхалецьце разам з сям’ёй. Наша пакутная гісторыя тое ілюструе.

Ворагі чалавецтва прааналізавалі прычыны выжываньня беларуса і робяць усё, каб выбіць зямлю з-пад яго ног. Дастаткова нават павярхоўна глянуць на сацыяльна-эканамічную палітыку рэжыму ў дачыненьні да працы, да прыватнага гандлю, прадпраймальніцтва, забудовы, жывёлагадоўлі, выездаў за мяжу і т.п., каб убачыць абсурдную тэндэнцыю, накіраваную на шкоду людзям, якія вечна зьдзіўляюцца і вечна не разумеюць, што іх вынішчаюць на іхняй зямлі.

Высновай гэтых разваг будзе мой зварот да беларусаў, што пераехалі і пераяжджаюць у гарады. Не прадавайце сваю вясковую бацькаўшчыну! Беражыце бацькаўскі дом! Ён яшчэ можа стаць для вас прытулкам і паратункам у вашым жыцьці. Памятайма, тыя, хто прадалі матчыну мову, стварылі няшчасьце для ўсёй Беларусі. Тыя, хто прадаюць бацькаўскі дом, могуць кінуць сябе ў няволю.

Справа захопу нашай маёмасьці, нашай зямлі прыблудамі і маскоўцамі пашыраецца. Антыбеларускі рэжым, які ініцыяваў такі працэс, гэтаму пастаянна спрыяе, пасяляючы ўсё новых ворагаў і прыбышоў на зямлі Беларусі. Гэта адбываецца таксама ў рэчышчы маскоўскай палітыкі падрыхтоўкі тут новай гібрыднай вайны.

Мяркую, што беларусам-адраджэнцам трэба ўзяць гэта пытаньне ў палітычна-асьветніцкую распрацоўку, сабраць факты і прыклады акупацыйнай замены насельніцтва і захопу ўласнасьці. Трэбы спыніць антынародны працэс. Патрабуецца праца рукамі. А ідэя ў нас адна – нацыянальна-культурнае і матэрыяльнае адраджэньне нацыі і абарона Беларусі.

Жыве Беларусь!

Слава Айчыне!
вверх^ к полной версии понравилось! в evernote


Вы сейчас не можете прокомментировать это сообщение.

Дневник Бацькаўшчына | baqira-7513 - Дневник baqira-7513 | Лента друзей baqira-7513 / Полная версия Добавить в друзья Страницы: раньше»