Прэч зь Беларусі!
15-09-2015 10:03
к комментариям - к полной версии
- понравилось!
ПРЭЧ ЧУЖЫЯ ВАЕННЫЯ БАЗЫ ЗЬ БЕЛАРУСІ!
У 2009 годзе Лукашэнка таемна ад Беларускага народа і ў абход Канстытуцыі дамовіўся ў Маскве з Пуціным аб стварэньні і разьмяшчэньні ў Беларусі пад Баранавічамі рускай ваеннай авіябазы са стратэгічнай авіяцыяй, якая можа выкарыстоўваць атамную зброю.
Для Беларускага народу тады прыдумалі хлусьлівую вэрсію быццам бы аб запрашэньні размясьціць некалькі рускіх ваенных самалётаў на беларускім аэрадроме пад Баранавічамі дзеля ўмацаваньня бясьпекі краіны і мяжы.
Цяпер гэтая хлусьня выявілася ў Маскве, дзе ўжо падрыхтавалі дакуманты аб стварэньні рускай ваеннай авіябазы ў Беларусі і перадалі на подпіс Пуціну. Пры гэтым Масква цынічна прыадкрыла закулісьсе антыбеларускай зьдзелкі і заявіла аб узмацненьні рускай ваеннай прысутнасьці ў Беларусі і аб упэўненасьці, што дакуманты падпіша Лукашэнка ў "камфортнай абстаноўцы" (а ён ўсё падпіша).
Выявілася, што ўвесь гэты час схавана ад беларускай грамадзкасьці (і незаконна) пад Баранавічамі будавалі жылыя дамы для расейскага ваеннага пэрсаналу базы, іхных сем'яў, жонак і дзяцей. Гэтыя аб'екты ўжо амаль гатовыя. І ў гэты момант Масква зноў выйшла з пытаньнем аб авіябазе пад Баранавічамі, якое яны быццам бы яшчэ будуць вырашаць з Лукашэнкам.
Такім чынам адкрыта на вачах усяго Беларускага народа і за яго плячыма зроблена злачынная незаконная зьдзелка, паведамляецца аб уводзе чужой ваеннай сілы ў нашу суверэнную краіну. Масква пагражае Захаду і нашай Незалежнасьці, а таксама жыцьцю нашых людзей, бо калі Расея справакуе вайну з цывілізаваным сьветам, то ваенныя дзеяньні будуць разгорнуты на нашай тэрыторыі. Па рускіх ваенных абектах у Беларусі будзе нанесены ўдар у адказ (магчыма ядзерны). У выніку пацерпіць наш народ. Такое ня раз было ў жыцьці мінулых пакаленьняў.
У палітычным сэнсе план стварэньня рускай ваеннай авіябазы ў Беларусі абазначае падрыхтоўку расейскай ваеннай акупацыі нашай краіны па ўзору акупацыі Прыбалтыкі ў 1940 годзе.
Мы зьвяртаемся да ўсіх беларусаў, да ўсяго беларускага грамадзтва ўзьняць свой голас супраць здрадніцкай зьдзелкі антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі з Масквой аб рускай ваеннай авіябазе ў Беларусі. На тэрыторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь ня можа быць ніякіх чужых ваенных базаў.
Прэч з планамі рускай ваеннай авіябазы пад Баранавічамі! Беларусы, падымайцеся ў абарону сваёй Айчыны і Незалежнасьці!
13 верасьня 2015 г.
Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ і Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" (кіраўнік Зянон Пазьняк)
Ініцыятыва "Беларуская Салідарнасьць"
/ 15-09-2015
вверх^
к полной версии
понравилось!
в evernote