Супрацьстаяньне
Стагоддзямі беларуская нацыя стаяла на шляху расейскай ардынскай экспансіі на Захад. Стаяла нават тады, калі была паняволена ў выніку змовы Расейскай імпэрыі са сваемі эўрапейскімі імпэрскімі хаўрусьнікамі, стаіць беларуская нацыя на шляху ардынскіх памкненьняў Расеі і сёньня. Стагодьдзямі Расея імкнулася зьнішчыць беларускі народ, ягоную мову, культуру, менталітэт. Нічога не зьмянілася і ў нашыя дні, хоць Расея ўтрымлівае на Беларусі прарасейскую ўладу, навязаную беларусам у выніку шэрага сьпецыяльных аперацыяў, праведзеных пэўнымі расейскімі ворганамі.
Характэрна, што нават сярод беларускіх патрыётаў лічыцца звычайным выказваньне (якое быццам бы сьведчыць пра валоданьне пытаньнем), дзяжурна казаць пра слабасьць беларускай нацыі, пра яе недасьпеласьць, пра згубу ёю сваіх нацыянальных арыэнтыраў, пра іх неакрэсьленасьць. Праўда, разам з тым, нешта не чуваць адказа на лагічнае, элементарнае пытаньне: чаму пры такой быццам бы слабасьці беларускай нацыі, беларускага народу, Масква стагоддзямі не можа дасягнуць неабходнага для сябе выніка – зьліквідаваць беларускую нацыю, (а сёньня і) беларускую дзяржаву, прагу беларусаў да незалежнасьці?
Сапраўды, Масква стагоддзьмі вяла войны на беларускіх землях, з неабвержнымі прыкметамі генацыду, стагодьдзямі масава вывозіла беларускія матарыяльныя рэсурсы, беларускія інтэлектуальныя і працоўныя сілы на сваю тэрыторыю, не раз, практычна пад чыстую, фізічна зьнішчала беларускую нацыянальную эліту ў розных галінах дзейнасьці, насаджала акупацыйную ці марыянеткавую ўладу манкуртаў-калябарантаў, зьнішчыла беларускую нацыянальную царкву (каталіцкую ўсходняга і заходняга абрадаў, пратэстанцкую, праваслаўную) і ўсталява акупацыйную РПЦ, але мэты не дасягнула. Хто ж гэтаму перашкаджаў і перашкаджае, які вораг? Імя таго, хто стагодьдзямі стаіць на шляху расейскай экспансіі – Беларускі Народ, толькі і толькі – Беларускі Народ, нікога іншага не было і няма.
У сувязі з вайной, разьвязанай Расеяй супраць братняй Украіны, скіраванай на зьнішчэньне ўкраінскай дзяржаўнасьці, імпэрскага плана паняволеньня ўкраінскага народу, не варта забываць аб тым, што планы фашыстоўскай Расеі, адносна ліквідацыі беларускай нацыі, беларускага народу, беларускай дзяржавы, нікуды не зьніклі, а набылі экстраардынарны накірунак. Сьведчаньняў гэтаму шмат.
За апошнія больш чым двадцаць гадоў небачанай раней гвалтоўнай русіфікацыі беларусаў, у выніку знаходжаньня ва ўладзе беларусафобаў-калябарантаў і расейскай набрыдзі, нанесена значная шкода беларускаму менталітэту, беларускім нацыянальным каштоўнасьцям – мове, гісторыі, культуры. Разам з тым, рэжыму не ўдалося дамагчыся татальнага, незваротнага зьнішчэньня беларушчыны.
Масква цудоўна разумее неадваротныя, разбуральныя для сябе працэсы ў Расеі, таму відавочна сьпяшаецца канчаткова вырашыць “белорусский вопрос”. Рэзка актывізавалася антыбеларуская дзейнасьць розных прарасейскіх “грамадскіх” арганізацыяў на Беларусі, якія наўпрост кіруюцца кадрамі з непамерна пашыранай амбасады РФ у Беларусі ды расейскага ФСБ, што атабарыліся пад шыльдамі: “Россотрудничество”, “Казачий Спас”, “Русский дом”,“Русский центрфонда “Русскиймир”, “Образовательный центр“Русский центр” в Брестском ГУ им. А. Пушкина”, “Российский центр науки и культуры ” в Менску і Берасьці, і г.д. Актывізацыя расейскіх антыбеларускіх утварэньняў найперш назіраецца ў мейсцах былой дыслакацыі буйных расейскіх вайсковых баз, дзе атабарыліся расейскія вайсковыя адстаўнікі і іх сямейнікі – Менск, Берасьце, Віцебск, Горадня, Бабруйск, Баранавічы, Ганцавічы, Барысаў, Мар’іна Горка, Шчучын...
Неабходна прама сказаць, што кожны адэкватны чалавек разумее, што ў любой прававой дзяржаве недапушчальна, каб адбываўся падзел грамадства, згодна этнічнага паходжаньня сваіх грамадзянаў. Разам з тым, ва ўмовах акупацыі, у любой краіне, заўсёды прысутнічае абгрунтавана адмоўнае стаўленьне да знаходжаньня прадстаўнікоў краіны-акупанта ва ўладзе акупаванай краіны. Добра вядома, што пэўная частка прыехаўшых чыноўнікаў, расейскіх вайсковых адстаўнікоў і іх сямейнікаў у Беларусі, ёсьць ненавісьнікамі, носьбітамі агрэсіўных імпэрска-шавіністычных перакананьняў, непрыйманьня і адмаўленьня ўсяго беларускага – дзяржаўнасьці, мовы, культуры, гісторыі, менталітэта.
Улічваючы, што беларуская нацыя на Беларусі перавышае 80% (у прыватнасьці ў горадзе Берасьці, якому Масква сёньня надае асобую ўвагу, у сваіх захопніцкіх планах, беларусаў - 88%, расейцаў - 6,4% ...), набрыдзі на парадак меньш, расейская агентура праводзіць актыўную рэкрутызацыю маладых беларусаў, сярод той яе часткі, якая не мае ўстойлівага беларускага нацыянальнага стрыжня. Рэкрутызацыя ў расейскія “грамадскія” арганізацыі адбываецца пад абавязковым імпэрска-шавіністычным ачмурэньнем “нашей общей истории”: “Военно-прикладная подготовка. Изучение летописной истории. Военно-прикладная подготовка. Занятия проводят казаки, работающие в центрах внешкольной работы” і падобнае (зарыэнтаваліся “казакі”-выхавацелі”куды ім падацца..., заўвага Бенедзікта).
Расейскія “грамадскія” арганізацыі прыцягваюць беларускую моладзь з дапамогай магчымасьці вывучэньня ёю баевых адзінаборстваў, заняткаў са зброяй, бясплатнага знаходжаньня ў летніках (заўважым, што не раз фіксаваўся актыўны ўдзел ва ўсёй гэтай антыбеларускай(!) дзейнасьці Міністэрства абароны Беларусі, а удзел акупацыйнай РПЦ (экзархат БПЦ) – выглядае для яе ўвогуле дзяжурным абавязкам). Зразумела, што фінансаваньне ўсяго гэтага адбываецца зацікаўленым бокам без праблемаў...
Адметна, што ў мясцовых ворганах улады, адукацыі, культуры і г.д., там дзе былі дыслакаваныя буйныя расейскія вайсковыя базы, неадпаведна сваёй колькасьці маецца значнае прадстаўніцтва на розных пасадах чужынцаў – асобаў, якія скрайне варожа ставяцца да ўсяго беларускага, якое ёсьць для іх непрыймальным (у прыватнасьці, у горадзе Берасьці, якому Масква надае асобую ўвагу, у сваіх захопніцкіх планах, беларусаў – 88%, расейцаў - 6,4% ...). Асабліва характэрна такое неадэкватнае прадстаўніцтва ў ворганах улады, адукацыі і г.д. для Менска, Берасьця, Бабруйска... (нездарма, у рэжымным Законе аб мясцовых выбарах на Беларусі сказана аб дазволе ўдзелу ў выбарах ... грамадзянаў Расеі). Гэта ёсьць адным з фактараў, які тлумачыць свабоду дзеяньня для расейскіх “грамадскіх” арганізацыяў і розных дзеячоў “от западноруссизма” на Беларусі, пры гэтым нельга безумоўна адмаўляць і антыбеларускую дзейнасьць калябарантаў ва ўладзе.
Фота. Навучаньне беларускай моладзі ў расейскай “грамадскай” арганізацыі “Казачий Спас”
Відавочна, што Расея сьпяшаецца рэалізаваць свае захопніцкія, імпэрскія планы не толькі ва Ўкраіне, а і на Беларусі. Часу для гэтага ў яе не шмат, размова ідзе пра лічаныя гады. Існуе шмат прычынаў для таго, каб імперцам сьпяшацца.
Першае – няўхільна надыходзячы фінансавы і эканамічны крах пуцінскага рэжыму, рэжыму чэкізму. Другое – зьнешні фактар, крызіс лева ліберальнай палітыкі Захада, выкрытыя сувязі з фашыстоўскай Расеяй скрайне правых, папуліскіх партыяў і рухаў Заходняй Эўропы. Трэцяе – моцны патэнцыял супраціву, у паняволяных Расеяй народаў і тых, каго яна імкнецца ў чарговы раз канчаткова закабаліць.
Зразумела, што мы адзначылі галоўныя моманты, хоць гэта і тэзісная канстатацыя сітуацыі, і далёка не поўная, але дастатковая, каб мець пра яе ўяўленьне.
Сёньня беларусы бяруць ваенны ўдзел ў абароне братняй Украіны, ваююць яны як і належыць беларусам – зацята і непахісна, бо вайна ва Ўкраіне, гэта і наша вайна, вайна за свабоду Беларусі.
Трэба абавязкова разумець, што Масква стагоддзямі не магла дасягнуць неабходнага для сябе выніку – зьліквідаваць беларускую нацыю, (а сёньня) беларускую дзяржаву і прагу беларусаў да незалежнасьці. Наш народ не проста моцны, ён непераможны і гісторыя гэта неабвержна сьведчыць. Вера ў свае сілы, у сілы свайго беларускага народу – крыніца перамогі. Тое, што Расея жадае канчаткова захапіць Беларусь, яшчэ не значыць, што гэта ў Масквы атрымаецца...
Трэба мацаваць сваё, беларускае, у любым напрамку, трэба даваць адпор антыбеларускім сілам паўсюль, нават у любой дробязі...
Сёньня бачна, як і дзе расейскія імпэрскія сілы ствараюць крыніцы напружаньня на беларускай зямлі, зразумела, як яны будуць дзейнічаць самастойна і як ва ўзаемадзеяньні з іншымі антыбеларускімі сіламі, як унутры краіны, так і звонку. Зразумела, што расейскі вораг падступны, моцны і бязлітасны, урэшце ён быў такі заўсёды. Але важна тое, што ў гэтай вайне – супрацьстаяньня беларускага народу і ардынскай Расеі – перамога будзе за беларусамі. Зарука гэтаму наша шматстагодняя гераічная гісторыя. Не было яшчэ войнаў якія не заканчваліся, закончыцца і гэтая вайна, закончыцца яна нашай безумоўнай перамогай – зьнікненьнем імпэрыі зла.
Бенедзікт / 24-02-2015
Крыніца:
https://pieramoha.org/artykuly/supracstajannie