Фініш лева-ліберальнай палітыкі
Тое, што сусьветны парадак, які усталяваўся пасьля Другой сусьветнай вайны, абрынуўся, разумее ўсё большая колькасьць людзей, якія ў той ці іншай ступені цікавяцца палітыкай. Разьвязаная Расеяй вайна супраць Украіны прадэманстравала адсутнасьць здольнасьці (менавіта адсутнасьць здольнасьці, а не магчымасьці) вядучых краінаў сьвету кантраляваць выкананьне шэрагу палажэньняў міжнароднага права, Расеяй было прадэманстравана, нахабна, з выклікам, тое, што міжнародныя пагадненьні, пад якімі стаяць подпісы ЗША, В.Брытані, ды і ўласна самой Расеі, ня маюць ніякага значэньня.
Такая сітуацыя ігнараваньня міжнароднага права Расеяй склалася не адразу (Праўда, дзеля справядлівасьці, трэба адзначыць, што наплявацельскія адносіны Расеі да падпісаных ёю пагадненьняў маюць глыбокую традыцыю, з часоў паўстаньня гэтай імпэрыі з нетраў Залатой Арды). Але ў дадзеным выпадку размова ідзе пра часы пасьля Другой сусьветнай вайны, калі Расея (СССР) была вымушана выконваць шэраг міжнародных пагадненьняў, як то – Хельсінскія пагадненьні, Дамову аб скарачэньні стратэгічных ядзерных узбраеньняў і г.д. Невыкананьне Расеяй (СССР) гэтых і іншых пагадненьняў прывяло б да рашучых і эфэктыўных дзеяньняў найперш з боку ЗША і ягоных сатэлітаў. Гэтыя дзеяньні былі б для расейскіх імпэрцаў зьнішчальнымі...
Узьнікае пытаньне – чаму ж зараз Захад і ЗША апынуліся няздольнымі прыцягнуць да жорсткай адказнасьці Расею, чаму раней Расея не йшла на падобную прамую канфрантацыю з Захадам і ЗША? Адказ, па-першае, трэба шукаць у той сітуацыі, якая склалася пасьля сыходу з заходняй палітыкі асобаў узроўня Г.Трумэна, У.Чэрчыля, Д.Эйзенхаўэра ... і заканчаючы Р.Рэйганам і М.Тэтчар, і па-другое, што ня меньш важна, з-за распаду СССР.
Як вядома, напярэдадні заканчэньня Другой сусьветнай вайны прэзідэнтам ЗША стаў Г.Трумэн, які не вагаючыся выкарыстаў атамную бомбу для хутчэйшага заканчэньня гэтай вайны, а неўзабаве пасьля заканчэньня вайны, 5 сакавіка 1946 г., У.Чэрчыль выступіў са сваёй вядомай прамовай у Фултане, дзе ён у прыватнасьці сказаў: “Варшава і Берлін, Прага і Вена, Будапешт і Бялград, Бухарэст і Сафія –усе гэтыя слаўныя сталічныя гарады з усімі сваімі жыхарамі і з усім насельніцтвам навакольных іх гарадоў і раёнаў трапілі, як я б гэта назваў, у сферу савецкага ўплыву ... У цэлым шэрагу краінаў па ўсім свеце, хоць яны і знаходзяцца далёка ад рускіх межаў, ствараюцца камуністычныя пятыя калоны, якія дзейнічаюць на дзіва зладжана і ўзгоднена, у поўнай адпаведнасьці з кіруючымі указаньнямі, якія выходзяць з камуністычнага цэнтра. Камуністычныя партыі і іх пятыя калоны ва ўсіх гэтых краінах ўяўляюць сабой велізарную пагрозу і, нажаль, гэтая пагроза расьце для хрысціянскай цывілізацыі, і выключэннем з'яўляюцца толькі Злучаныя Штаты Амерыкі і Брытанская Садружнасць нацый, дзе камуністычныя ідэі пакуль што не атрымалі шырокага распаўсюджваньня ... Маючы зносіны ў гады вайны з нашымі рускімі сябрамі і саюзнікамі, я прыйшоў да высновы, што больш за ўсё яны захапляюцца сілай і менш за ўсё паважаюць слабасьць, у асаблівасці ваенную...”
Усё гэта (учынкі палітыкаў ЗША і В.Брытаніі) дало штуршок для супрацьдзеяньня вядучымі краінамі сьвету экспансіяніскім памкненьням СССР. ЗША супрацьдзейнічалі СССР ў розных частках сьвету – Афрыцы, Азіі, Лацінскай Амерыцы (Карэі, Кітаі, Кубе, Чылі, Віетнаме, Бліжнім Усходзе, Аўганістане і г.д.) – у выніку, гэта і ўнутраныя прычыны СССР, прывялі да распаду расейскай камуністычнай імпэрыі.
Менавіта з пасьляваенных гадоў ЗША і Захад праводзілі ўзгодненую палітыку, скіраваную на тое, каб новая сусьветная вайна ня ўзьнікла, што рабілася імі праз няспыннае ўмацаваньне сваіх сілаў – магутнага вайсковага, прамысловага, фінансавага і іншых патэнцыялаў, якія істотна пераўзыходзілі адпаведныя патэнцыялы СССР. Дзясяткі гадоў ЗША і заходнія дзяржавы кіраваліся палітыкай, якая знаходзілася ў тым надзейным рэчышчы, што было закладзена асобамі, якія рэальна ацэньвалі небясьпеку ўсяму цывілізаванаму сьвету, што сыходзіла ад СССР.
Распад СССР спарадзіў эйфарыю ў палітычных колах ЗША і, яшчэ ў большай ступені, у краінах Заходняй Эўропы. Непрацяглая разгубленасьць расейскай кіруючай камуністычна-чэкіскай намэнклятуры, як буйных так і больш дробных фунцыянэраў, працягвалася нязначны адрэзак часу. Яны зразумелі, што для іх наступіў “золотой век” у прамым значэньні гэтых слоў, пачалося масавае прыўлашчваньне імі дзяржаўнай маёмасьці, некаторыя такія расейскія дзеячы адначасова абвясьцілі сябе дэмакратамі.
Перабудова ад Гарбачова, эфектнае зьяўленьне Ельцына на танку пасьля развалу ГКЧП выклікала літаральна шквал захапленьня і ачмурэньня ў заходніх СМІ і заходніх палітычных элітаў, бо, маўляў, “у Расеі адбылася дэмакратычная рэвалюцыя”. Ну, а калі так, то пачаўся вялікі гэшэфт, расейская сыравіна (у асноўным вуглевадароды, якія ўжо належылі расейскім “бізнэсмэнам”) паплылі на Захад, а ў адваротным кірунку пайшла плынь устойлівай заходняй валюты, якая асядала на Захадзе на рахунках “новых рускіх”, а таксама ў выглядзе нерухомасьці і г.д. Расею сталі прыймаць у шэраг арганізацыяў, куды раней і блізка не падбусьцілі б, з Расеяй сталі шчыльна супрацоўнічаць нават на ўзроўні NATO. Усе былі задаволены.
Цікава, што кожная наступная ратацыя кіруючых заходніх лідараў яшчэ больш, чым ейныя папярэднікі – часоў “станаўленьня дэмакратыі ў Расеі” – верылі ня ў тое трагічнае, што адбывалася ў Расеі і ў шэрагу суседніх (Расеі) постсавецкіх краінах, а ў тое, ва што ім вельмі хацелася верыць: “хай з цяжкасьцю, але Расея будуе дэмакратыю”.
Войнам Расеі ў Чачні спадарожнічалі расейскія ваенныя злачынствы на ўзроўні генацыду чачэнскага насельніцтва, але апрача кароткатэрміновых абурэньняў на Захадзе, гэта не прывяло ні да стварэньня Міжнароднага трыбуналу па ваенных злачынствах у Чачні, ні аніякіх іншых дзеяньняў Захада скіраваных на супрацьдзеяньне адраджэньню расейскай імпэрскай палітыкі. Тое самае назіралася і адносна разьвязанага Расеяй канфлікта ў Прыднестроўі, вайны ў Грузіі. Расейскія сьпецслужбы зьнішчалі апанэнтаў Крамля ў розных краінах сьвету, зьнішчалі палітыкаў іншых дзяржаваў. Кароткачасовыя хвалі абурэньня гэтымі дзеяньнямі Расеі на Захадзе вельмі хутка загасалі. Імпэрская Расея ўсё больш упэўнівалася ў тым, што заходняя палітыка (і палітыкі) перарадзілася і ня ў стане (ды і не жадаюць) даць адэкватны адказ Маскве, а гэта давала ўпэўненасьць і разуменьне, што Расеі можна ўсё.
Неабходна адзначыць, што лева-ліберальныя настроі на Захадзе і, адпаведна ім, кіруючыя палітычныя сілы, спрыялі зьяўленьню шэрагу негатыўных наступстваў у сваіх краінах, якія іх значна аслабілі. Тэзісна можна назваць некаторыя з гэтых наступстваў, якія паўсталі амаль за чвэрць стагодьдзя ілюзорных спадзеваў Захада на “дэмакратыю ў Расеі”.
NATO хаця і пашыралася на Ўсход, але важна адзначыць, што ў асноўным трымалася і трымаецца на моцы ЗША (заўважым, што і тая моц зазнала зьмяншэньне...), бо заходнія краіны перасталі ўспрымаць Расею, як патэнцыйнага ворага.
Скараціліся, значна ніжэй неабходнага ўзроўня (2%), ваенныя бюджэты шэрагу краінаў Заходняй і Ўсходняй Эўропы, адпаведна сталі выглядаць і войскі краінаў-чальцоў NATO. Нават самае баездольнае войска ЭЗ – бундэсвер Нямеччыны, зазнаў скарачэньне асабістага складу (праз адмену абавязковай ваеннай службы ў краіне), узьнік дэфіцыт вайсковай тэхнікі. (Напрыклад,нямецкія СМІ паведамілі аб цяжкасьцях з аснашчэньнем, з-за якіх бундэсвер "зараз ня ў стане выканаць усе свае абавязкі перад NATO". Міністр абароны фон дер Ляйэн, адзначыла, што асноўныя праблемы ў яе ўстанове зьвязаныя з адсутнасьцю (даставак!) запчастак для самолётаў, а тасама з выхадам са строю гелікоптараў ваенна-марскіх сіл. Адпаведныя праблемы і з баявымі караблямі ў ВМФ, і ў сухапутных сілах, напрыклад, са 180 БТРаў Boxer не прыдатныя да эксплюатацыі 70, з 406 БМП Marderда эксплюатацыі прыдатныя толькі 280....). У іншых чальцоў NATO сітуацыя непараўнальна яшчэ больш вартая жалю. Праўда кіраўніцтва некаторых гэтах краінаў паабяцала падвысіць свой абарончы бюджэт да неабходнах 2% на працягу ... бліжэйшых дзесяці гадоў.
Пацыфіскае перакананьне, што чалавецтва можа жыць без войнаў падобна сьцьвярджэньню, што чалавецтва можа існаваць без хваробаў, альбо што чалавецтва можа існаваць без розных маральных заганаў. Вайна, пакуль што, – спадарожнік чалавецтва, бо ўзьнікае ў выніку пэўнага ўзроўня супярэчнасьцяў паміж дзяржавамі. Гэтыя супярэчнасьці грунтуюцца на эканамічных, расіскіх, ідэалягічных, рэлігійных фактарах (ну як тут не ўзгадаць фашыстоўскую ідэалёгію “Русского мира”, альбо больш ранні заклік нямецкага нацызма да “Жыцьцёвай прасторы”). Самае сумнае, што пацыфізм, апрача няшчасьцяў для народаў, ніколі нічога не прыносіў, але лева-ліберальныя колы заходніх краінаў радасна верылі і вераць у казку, што жыць можна без войнаў.
(Менавіта таму меў рацыю У.Чэрчыль, калі казаў, што Расея паважае толькі ваенную сілу, як і любы іншы агрэсіўна настроены рэжым і што ваенная сіла ёсьць адным з тых чыннікаў з дапамогай якога можна папярэдзіць вайну).
Іншымі адмоўнымі наступствамі палітыкі лева-ліберальных сілаў Захада стала тое, што практычна ўсе міжнародныя арганізацыі (спартовыя, правабарончыя, СААЗ, МАГАТЭ і г.д.) скаціліся да крайней ступені скарумпаванасьці (мы пісалі аб гэтым раней у артыкулах “Прадажнасьць” і "Не тот калибр"). Не пазьбегла скарумпаванасьці нават ААН (чаго вартае хаця б адна справа Кофі Анана...).
Расейскія сьпецслужбы, як і ў часы СССР, паставілі на ўтрыманьне шэраг прарасейскіх арганізацыяў на Захадзе, журналістаў, палітыкаў і палітычныя партыі пэўнага кірунку, бізнэсмэнаў. Прыклад Шродара вядомы найбольш, але існуе і больш дробная заходняя публіка, якая прадаецца ня горш за былога канцлера.
Імкліва распаўсюджваліся і ўмацоўваліся пацыфіскія настроі пабудаваныя на тым, што Эўропа і сьвет ў бясьпецы, а вайна ў ёй выключана назаўсёды. Шырока стала прапагандавацца вычварэнства, галоўным для грамадства сьцьвярджалася спажываньне і бездумнае баўленьне вольнага часу, высьмейваньне і адмаўленьне ад маральных каштоўнасьцяў, якія дало хрысьціянства, гэта стала нормай. У выніку, заходняе грамадства, у значнай сваёй частцы, апынулася абсалютна непадрыхтаваным да тых падзеяў якія пачалі разгортвацца з-за расейска-украінскай вайны.
(Паўтараецца сітуацыя, якая шмат у чым была падобная на тую, якая склалася напярэдадні Другой сусьветнай вайны. Тут, дарэчы, варта ўзгадаць словы У.Чэрчыля сказаныя ім ў знакамітай прамове ў Фултане: “...аж да 1933 ці нават да 1935 Нямеччыну яшчэ можна было выратаваць ад той страшнай долі, якая чакала яе і чалавецтва пазбегла б тых незлічоных бед, якія абрынуў на яго Гітлер. ... Трэба толькі было сваечасова прыняць неабходныя меры...”)
Рэдка бывае, калі войны заканчваюцца хутка, скажам на працягу года-двух. Калі мы кажам, што сёньня мы назіраем ганебны фініш лева-ліберальных сілаў у заходняй палітыцы, то важна адзначыць, што гэты фініш толькі пачаўся і скончыцца ня сёньня. Безумоўна, на зьмену гэтай заходняй “оконфузившейся” палітычнай публікі прыйдзе іншая сіла, больш рэалістычная, больш адказная, больш рашучая, але сёньня расейска-украінская вайна набірае абароты і кожны дзень яе існаваньня становіцца ўсё больш небясьпечным для ўсяго сьвету.
Зараз яшчэ ня позна спыніць расейскага агрэсара, прымусіць яго павярнуць назад, але гэта магчыма толькі праз комплекс, узгодненых цывілізаванымі краінамі, дзеяньняў рознага характару – дыпляматычнага, ваеннага, эканамічнага. Тым ня меньш ня варта сябе падманваць, тыя палітычныя колы, якія знаходзяцца ва ўладзе ў заходніх краінах ня здольныя на адэкватныя дзеяньні ў адносінах да фашыстоўскай Расеі.
Тая палітычная сітуацыя, якая склалася на Захадзе пасьля канца 80-х і пачатку 90-х, вельмі адмоўна адбілася на сітуацыі ў Беларусі. Усе гэтыя ілюзорныя палітычныя ўяўленьні лева-ліберальных колаў Захада пра тое, што ўсё магчыма вырашыць праз перамовы-дыялёгы, паўсталая на Захадзе цэнзура пад маркай паліткарэктнасьці, адносіны да вычварэнства (як нормы), высьмейваньне і адмаўленьне ад хрысьціянскіх маральных каштоўнасьцяў, скрыўлёнае ўяўленьне пра адстойваньне правоў чалавека і г.д. (усё гэта ў той ці іншай ступені атрымала распаўсюджваньне ў Беларусі – сярод часткі людзей, пераважна гуманітарных прафэсіяў, моладзі (бо маўляў – так у Эўропе), шмат чаго ад гэтага было перанесена на Беларусь праз пасярэдніцтва агентуры пад эгідай Г.-Г.Віка і ў супрацоўнецтве яго з вядомай расейскай установай, а таксама з дапамогай грантаў ад розных фондаў для “дэмСМІ”, “праваабаронцаў”, псэўдаапазіцыі і проста махляроў).
Так, цуды бываюць, але калі падзеі ў палітыцы ідуць па горшаму варыянту, то спадзявацца на цуд ня варта. Расейска-украінская вайна, яе наступствы ўжо закранулі Беларусь і гэта ня толькі бежанцы з Украіны. Гэта і расейскія вайсковыя базы, якія ставяць пад надзвычай верагодны ядравы ўдар беларускія гарады, гэта і катастрафічная прывязка беларускай эканомікі да расейскай (якая ляціць у прорву) і шмат што іншае. Але самае істотнае, што на Беларусі кіруе расейскі рэжым, які не задумваючыся ахвяруе нашай краінай дзеля выжываньня Расеі. І як тут не ўзгадаць, што “гарант незалежнасьці” прагаварыўся аб тым, што ў выпадку неабходнасьці войскі Маскоўскай ваеннай акругі будуць дзейнічаць сумесна з “беларускім войскам”. І абсалютна зразумела, што гэта плануецца ня толькі на тэрыторыі нашай краіны...
Вельмі ня хочацца, каб у чарговы раз беларускія людзі праз пэўны час канстатавалі: “А Зянон Пазьняк аказваецца зноў праўду казаў, што неабходна было беларусам яднацца ў невялікія групы па 2-3 чалавекі, шукаць зброю і рыхтавацца да супраціву Расеі...”
Варта заўсёды сваечасова рабіць высновы, як і іншыя неабходныя дзеяньні, бо адседзецца не атрымаецца, сітуацыя ўжо даўно не дазваляе гэта рабіць. Расейскі рэжым на Беларусі, з дапамогай калябарантаў, замацоўваецца ўсё больш адкрыта, фактычна, унутраная акупацыя імкліва набывае рысы зьнешняй расейскай акупацыі, маскіроўка ўсё больш адкідваецца...
Беларусь, беларускі народ, можна часова акупаваць, але нельга зьнішчыць – гэта заўсёды даказвалі сваёй барацьбой лепшыя сыны і дачкі беларускага народа, так было заўсёды ў нашай вялікай гісторыі і так павінна быць зараз.
Сёньня расейскі акупант забівае нашых братоў – украінцаў, расейская пагроза ўжо і на нашай зямлі. Расейская пагроза скіраваная і на Польшчу, і на Летуву, і на Латвію, і на Эстонію, і на Малдову, і на іншыя краіны... Трэба нам, беларусам, цьвёрда разлічваць найперш на свае сілы і, разам з тым, яднацца, у тым ліку і з іншымі народамі, мець агульную абарону супраць расейскага акупанта, які нясе вайну і сьмерць для народаў цывілізаваных краінаў.
Бенедзікт / 05-11-2014
Крыніца:
https://pieramoha.org/artykuly/finisz-lieva-libieralnaj-palityki