• Авторизация


Рускі мір 15-07-2014 23:28 к комментариям - к полной версии - понравилось!


ПРА “РУССКИЙ МИР” І ФАШЫЗМ

Задаткі фашызму існавалі ў маскоўскім грамадзтве здаўна, яшчэ ад часоў Арды і Маскоўскага княства. Гэта ўвогуле родавая прыкмета расейцаў. Цяга да агрэсіі, масавага вынішчэньня людзей і да таталітарнага сьветапогляду была ад пачатку. Найбольш яскрава і разбуральна яна выявілася ў ХХ-м стагоддзі з усталяваньнем камуністычнага рэжыму СССР і камуна-фашысцкай ідэалёгіі “пабудовы камунізму”. У паднявольных краінах (асабліва ў Беларусі і Украіне) пад гэтую марку камунізму зьнішчылі дзясяткі мільёнаў нявінных людзей.

Фашысцкая ідэалёгія агрэсіі рускага камунізму і планы вынішчальнай перабудовы чалавецтва грунтавалася на класавым ідэале пралетарыята (рабочых людзей без маёмасьці і ўласнасьці). Астатнія маёмныя станы павінны былі быць зьнішчаны фізічна альбо сацыяльна (у выніку пазбаўленьня ад маёмасьці).

Канцэпцыя агрэсіі і вынішчальнай перабудовы сьвету паводле нямецкага гітлерскага фашызму грунтавалася на расавым ідэале арыйскай (нямецкай) расы, перад якой іншыя расы мусілі быць альбо зьнішчаны, альбо ўведзены ў стан нявольнікаў.

Да апошняга часу фашызм ва ўсім сьвеце (там, дзе ён узьнікаў) паслугоўваўся адной з гэтых дзьвюх фашысцкіх канцэпцыяў.

Пасьля краху рускага камунізму і пасьля частковага паўраспаду савецкай імпэрыі абсалютную ўладу ў Расеі ў 2000-м годзе забірае КГБ. Адбываецца фармаваньне новага рускага фашызму ўжо не на класавай, а на шавіністычна-імпэрскай аснове. Канцэпцыя агрэсіі і падпарадкаваньня сьвету тут палягае не на класавай, не на нацыянальна-расавай ідэях, а на нацыянальна-моўнай падставе. Класавая і расавая ідэалёгія фашызму папоўніліся яшчэ адной таталітарнай ідэалёгіяй, імя якой – “русский язык”. Гэтая ідэалёгія аформлена ў фашысцкай канцэпцыі “русский мир”, распрацаванай ў КГБ пад дахам праваслаўнай арганізацыі РПЦ (Русской Православной Церкви).

Сутнасьць гэтай канцэпцыі – апраўданьне імпэрскай тэрытарыяльнай агрэсіі на падставе рускай мовы. Пуцінская Расея лічыць, што ва ўсіх месцах у сьвеце, дзе ёсьць людзі, якія размаўляюць па-руску (гэта не абавязкова этнічна рускія), яна можа ўвесьці туды сваё войска дзеля абароны рускамоўных інтарэсаў.

Такая мэтадалёгія ня ёсьць для Расеі новай. У ХVІІ-ХІХ стагоддзях рускія цары, напрыклад, выкарыстоўвалі дзеля агрэсіі і анэксіі тэрыторыяў жупел праваслаўя, якое яны быццам бы павінны былі “абараняць”. Гітлераўцы ў 30-х гадах дзеле анэксіі Судэцкай вобласьці і Аўстрыі абапіраліся на чыньнік этнічны. Тут жа навіна ў тым, што цяперашняя канцэпцыця рускага гэбізму, плянуючы экспансію, спрабуе абапірацца на “русский язык” як на асобны фэнамэн агрэсіі, незалежна ад этнічнага паходжаньня людзей. Гэта (як лічаць, відаць, у Крамлі) дае шырокія магчымасьці для ваеннага ўмяшаньня ў розных пунктах розных тэрыторыяў, каб нібыта абараняць рускамоўных людзей, якіх нібыта перасьледуюць і г. д.

Адсюль зразумела, чаму галоўным накірункам крамлёўскай палітыкі (і раней у СССР, і цяпер, у дачыненьнях з суседнімі краінамі) ёсьць русіфікацыя і любымі спосабамі насаджэньне рускай мовы (паралельна са зьнішчэньнем нацыянальнай мовы карэннага народа). У гэтай сувязі цалкам зразумелая палітыка прамаскоўскага лукашызму па зьнішчэньні беларускай мовы, беларускай школы, беларускага друку і нацыянальнай асьветы ў Беларусі. Тут мэтанакіраваная падрыхтоўка да анэксіі цэлай краіны ў адпаведны час і адпаведны момант. У гэтым якраз і ёсьць найвялікшая здрада і найвялікшае злачынства Лукашэнкі перад беларускай нацыяй. За 20 гадоў лукашызму разбурана вельмі шмат, падарваныя этнакультурныя асновы нацыі і страчаны гістарычны час. Аслабленая беларуская нацыя апынулася, практычна, у адзіночку, тварам у твар з новым агрэсіўным рускім фашызмам, які ўжо пачаў збройную вайну супраць Украіны.

Тым часам у беларусаў ёсьць магутная і пераможная зброя, перад якой антыбеларуская палітыка Крамля -- бясьсільная. Гэтая зброя – Беларуская мова, вялікая мова вялікай культуры і магутнай краіны – Вялікага Княства Літоўскага,-- мова дзяржаўнай эліты і міжнароднай дыпламатыі.

Перад рэальнай фашысцкай пагрозай з усходу трэба вяртацца да беларускай мовы, гаварыць на ёй, пісаць і чытаць, вучыць дзяцей. Яшчэ ня позна. Яшчэ ня позна скарыстаць наймагутнейшую сілу нацыі, каб зьберагчы дзяржаву, культуру, незалежнасьць і свабоду.

14 ліпеня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК
Крыніца:https://pieramoha.org/artykuly/zianon-pazniak-karotki-ahliad-stanoviszcza
вверх^ к полной версии понравилось! в evernote


Вы сейчас не можете прокомментировать это сообщение.

Дневник Рускі мір | baqira-7513 - Дневник baqira-7513 | Лента друзей baqira-7513 / Полная версия Добавить в друзья Страницы: раньше»