“Бойня №5”: Праўдзівы рэпартаж Апакаліпсісу
Марыя Мартысевіч
Новы Час
Яшчэ адна адзнака сёлетняга 65-годдзя Вялікай Перамогі, шырока святкаванага ў Беларусі: днямі выходзіць даўно анансаваны раман амерыканскага пісьменніка Курта Вонегута “Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак” у перакладзе на беларускую мову. Выданне здзейсніцца ў выдавецтве “Логвінаў” у серыі кніг “Біліятэка “Бацькаўшчыны”— Пераклады”. Пра тое, чым можа прыдацца кніга беларускаму чытачу, мы гутарым з яе перакладчыкам Паўлам Касцюкевічам.
“Вонегута я перакладаў заўсёды”
— Павел, ты вядомы як паспяховы перакладчык ізраільскай літаратуры. Калі і пры якіх абставінах ты зацікавіўся амерыканістыкай?
— Як мне цяпер здаецца, Вонегута я перакладаў заўсёды. Я жыў у Ізраілі і намерваўся распачаць кар’еру перакладчыка мастацкай літаратуры. Але літаратура на мове іўрыт па першым часе не здавалася мне прынадным аб’ектам для перакладу. Я не залічваў яе ў “гранд-літаратуры”. Іншая справа — французская, брытанская, нямецкая, польская… А тое, што я стаў перакладаць менавіта гэты раман менавіта гэтага аўтара, было шчаслівым выпадкам.
[300x446]У Ізраілі я працаваў ахоўнікам у ерусалімскім раёнчыку Нямецкая Калонія, дзе, паводле завядзёнкі, селіцца інтэлігенцыя. Культурны кантынгент — і сметнікі ў раёне культурныя. Мінаючы, заўсёды можна разжыцца якаснай кніжкай, якая ахайна ляжыць на ходніку перад кантэйнерамі. Было шмат англійскамоўнай літаратуры. У адну ноч я знайшоў “Сідхартху” Германа Гесэ па-англійску і наступнага дня сеў — нямецкі тэкст з англійскай мовы — перакладаць. Але вельмі хутка адступіўся ад гэтага намеру. І дзякуй Богу, бо сёння “Сідхартха” паспяхова абеларушаны германістам Арцёмам Арашонкам. А канкурэнцыя паміж перакладчыкамі, асабліва ў малой літаратуры, — гэта не жарты…
А адступіўся я ад “Сідхартхі” таму, што літаральна на наступны дзень адшукаў ля таго ж сметніку “Бойню №5” Вонегута. Я палічыў гэта шчаслівым знакам — і ўзяўся за пераклад менавіта гэтай кнігі.
— Гэта было тваё першае знаёмства з пісьменнікам?
— З пісьменнікам — не. Вядома ж, у дзяцінстве я, як, думаю, многія, чытаў выдатныя рускія пераклады Вонегута, якія належаць пяру Рыты Райт-Кавалёвай. Але тое былі культавыя ў СССР “Сірэны Тытана” ды “Калыска для коткі” — адзіныя, па-мойму, кнігі гэтага аўтара, прапушчаныя савецкай цэнзурай. Прапушчаныя таму, што ў іх не згадваецца Савецкі Саюз. “Бойня №5” — гэта твор, з дапамогай якога Вонегут спрабуе разабрацца з уласнай радзімай — і гэта як бы дае яму карт-бланш не цырымоніцца і з іншымі краінамі, уцягнутымі ў другую сусветную. Таму на рускую мову твор быў перакладзены толькі ў часы позняй Перабудовы. Між тым, у ЗША Вонегут зрабіўся шырока вядомым найперш дзякуючы гэтаму раману, які стаў класікай яшчэ пры жыцці аўтара, увайшоў у амерыканскую культуру і мову на ўзроўні цытатаў. Напрыклад, папулярная лаянка, якую я пераклаў як “каб ты ляцеў і пярдзеў праз дзірку бубліка”. Або з гэтага раману пайшла ў гутарковую мову фраза “So it goes” — у маім перакладзе — “Во як!”. Ну і, вядома ж, знакамітая малітва Курта Вонегута:
Божа! Дай мне лагоды
прыняць тое, што
я не магу змяніць,
мужнасці
змяніць тое, што магу,
і мудрасці —
заўсёды адрозніць першае ад другога.
Але ўсе гэтыя матывацыі — сусветная прызнанасць аўтара, неперакладзенасць на нашу мову, блізкасць закранутых ім тэмаў, — прыйшлі пазней, у працэсе працы над перакладам.
“Праўда мяне вельмі ўзрушыла”
— Чым асабіста табе блізкая закранутая аўтарам тэма бамбардавання Дрэздэна?
— Ну як жа? Вайна! Пякучая праблема. Як ні круці, гэта адпраўны пункт найноўшай беларускай гісторыі. Дзяцінства маёй маці прыйшлося на 1960-я, і яна памятае, што ўсе размовы ў доме так ці іначай тычыліся вайны. Дарэчы, цікава, як у Беларусі кажуць “у вайну, пасля вайны”, і ўсе імгненна разумеюць, пра якую з тысячы людскіх войнаў вядзецца гаворка. З другой сусветнай усе саюзнікі выйшлі героямі, але бамбардаванне Дрэздэну было злачынствам з боку Брытаніі і ЗША, і Вонегут першы ў Амерыцы пачаў пра гэта адкрыта гаварыць. Яго нават спрабавалі забараняць першыя гады, але, мяркую, нават у 1970-я ў Амерыцы Вонегут сутыкаўся з меншымі абмежаваннямі свабоды слова, чым гэта мае месца цяпер у Беларусі. У кожнай краіне, якую закранула, другая сусветная пакінула безліч праблемаў, іх цяжка развязаць і цяпер. Напрыклад, у Беларусі, з аднаго боку пэўная частка нацыянальнага пантэону — гэта калабаранты пры нацысцкай акупацыйнай уладзе. І тое трэба асэнсоўваць, у тым ліку мастацкімі сродкамі. З гэтым трэба жыць.
З іншага боку, невядома, да чаго могуць давесці бяздумныя пампезныя святкаванні… Існуе небяспечная тэндэнцыя — найперш сёння ў Расіі — рамантызацыі, “гламурызацыі” не толькі савецкай зоркі, але і нацыскага арла.
— Ты лічыш, што беларуская ваенная проза гаворыць недастаткова “праўды пра вайну”?
— Я лічу, што яна старанна ўнікае падводных камянёў гэтай тэмы. І справядліва: крок улева, крок управа — і ты асуджаны на грамадскае ганьбаванне. Курт Вонегут жа, выдатна ведаючы гэта, у працівагу беларускай прозе не дае дакладных адказаў на адвечныя пытанні: “Хто вінаваты?” і “Што рабіць?”. Яго спосаб хоць неяк прасунуцца ў асвятленні гэтай праблемы — апісаць усё, як было. І таму ў гэтым творы ён падае праўдзівы рэпартаж Апакаліпсісу. Я памятаю, у момант чытання праўда мяне вельмі ўзрушыла.
“Апошні класік, які пісаў без накуркі”
— Якія цяжкасці напаткалі цябе падчас перакладу?
— Самым цяжкім было перамагчы ў сабе пісьменніка, застацца рамеснікам і зрабіць менавіта пераклад, а не свой уласны твор. Пэўны час я думаў, што не буду перакладаць, а буду пісаць свой раман, на падставе кнігі Вонегута. Выходзіла такая “піктарыяльная фотаграфія”, калі мастак расквечвае чорна-белы здымак на свой густ і ўпадабанне. Але, на шчасце, перакладчык ува мне перамог. Усе свае роздумы над гэтым тэкстам я выклаў у паслямове да перакладу.
Што да тэхнічнага аспекту працы з тэкстам, то тут мне пашанцавала. Пасля працы ахоўнікам у Нямецкай Калоніі, дзе я знайшоў кнігу, я ахоўваў ешыву, куды прыязджала шмат амерыканскіх яўрэяў, карэнных нью-йоркцаў. З аднаго боку, ім быў блізкі наш еўрапейскі кантэкст, з якога яны так ці іначай усе паходзяць, з іншага — яны вельмі добра зналіся на амерыканскіх рэаліях, дапамагалі мне з моўнымі цяжкасцямі ды схаванымі цытатамі. Гэта быў ідэальны асяродак для перакладу “Бойні №5”. Да Вонегута яны ставіліся так, нібы Нью-Йорк — гэта вялікая вёска, і вось яны вернуцца дадому, зойдуць у суседнюю кавярню, пабачаць Вонегута — і лёгка мяне з ім пазнаёмяць.
— Знаёмства адбылося?
— Не. Але ў мяне ёсць аўтограф Курта Вонегута, яго для мяне здабыў амерыканскі беларус Лявон Юрэвіч незадоўга да смерці майстра. Ён сапраўды амаль выпадкова сустрэў Вонегута ў Нью-Йорку.
— Каму раман “Бойня №5” прыйдзецца даспадобы?
— Кожнаму, каму блізкая сусветная класіка ХХ стагоддзя. “Вясёла-сур’ёзная” літаратура. Курт Вонегут — гэта ўжо брэнд. Гэта, відаць, апошні класік ХХ стагоддзя, які пісаў “без накуркі”. Хоць тэксты ў яго выходзілі “накураныя”. Ну і не варта забывацца і пра аматараў фантастыкі. Усё-ткі Вонегут вельмі ўдала маскіраваў свае філасофскія рэчы пад “саенс фікшн”. Хоць я не лічу яго пісьменнікам-фантастам. Для мяне гэта сучасны класік разраду Васіля Быкава.