В колонках играет - PartyZone - Маё сэрцаНовы навучальны год прынес адну галоўную навіну – студэнцкі заробак павялічыўся ў 1,2 разы. Наколькі адчувальна гэта прыбаўка – залежыць ад вашых адзнак... Аднак магчымасць парадавацца павышанай стыпендыі з’явіцца толькі напрыканцы лістапада. Пакуль у бухгалтэрыі універсітэта адбываецца пераразлік, студэнты адзначаць сваё свята за сродкі, прыпасеныя яшчэ са старога “пайка”.
Добрай традыцыяй у нашым універсітэце сталі сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, літаратурнымі і грамадскімі дзеячамі Бацькаўшчыны. Візіт народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча – яскравы таму доказ. Цікавай, змястоўнай і багатай на эмоцыі аказалася творчая сустрэча з пісьменнікам. Так, менавіта пісьменнікам, таму што адной з мэт візіту была прэзентацыя кнігі прозы Ніла Сымонавіча пад назвай “Разумная дзевачка”, прысвечанай яго жонцы. Таксама на сустрэчы прысутнічалі ўжо вядомы нашым студэнтам пісьменнік Франс Сіўко і рэдактар часопісаў “Ave Maria” і “Наша вера” Хрысціна Ляўко.
Ці гэта сапраўды ў студэнтаў ВДУ такая любоў да творчасці Ніла Гілевіча, ці гэта звычайнае жаданне “дакрануцца” да “жывога класіка”, як выказаўся нехта ў цыдулцы з пытаннем, аднак чарга за аўтографам пісьменніка пратрымалася з паўгадзіны, а то і болей.
Між іншым, да нас дайшлі звесткі, што ў снежні ў Віцебск, верагодна, завітае Рыгор Барадулін. Магчыма, нас чакае новая цікавая сустрэча?
10-га лістапада ў гарадскім культурна-дзелавым цэнтры “КІМ” адбылося чарговае “Картофельнае шоу”. Гэта мерапрыемства, што ладзіцца гарадской арганізацыяй БРСМ, стала ўжо традыцыяй. І праходзіла па знаёмай большасці гледачоў схеме: канцэрт, што час ад часу перарываўся ўзнагароджаннем “ударнікаў” рабочых і будаўнічых атрадаў, КВЗ і дыскатэка. Не абышлося і без розыгрышу прызоў сярод уладальнікаў квіткоў. Атрымалася даволі цікавае забаўляльнае мерапрыемства і адначасова рэкламная акцыя. Аднак стаўленне да рэкламы заўсёды было двухбаковым...
Да Дня студэнта прымыкае таксама даволі значная дата – Міжнародны дзень адмовы ад курэння. Ці ёсць тут нейкая сувязь, мы гадаць не бяромся. Аднак вельмі просім аматараў тытунёвай прадукцыі з такой нагоды даць “перадых” і сваім лёгкім, і лёгкім акаляючых. Хоць адзін дзень за ўвесь год!
Распачаўся агульнауніверсітэцкі конкурс лепшых сценгазет, плакатаў на антыСНІДаўскую тэматыку. Таму ўсе, у каго імунітэт яшчэ “не задушаны” цяжкасцямі студэнцкага жыцця, у каго ў галаве ёсць свежыя ідэі, а мастацкія здольнасці не абмяжоўваюцца “шэдэўрамі” на партах – калі ласка, бярыце ініцыятыву ў свае рукі! Трэба паказаць, што на шосты паверх СНІДу ходу няма! Работы прымаюцца да 29-га лістапада ў выхаваўчым аддзеле. Спецыяльна для цынікаў паведамляем – пераможцы атрымаюць матэрыяльную ўзнагароду.
З 14-га лістапада пачалося першынства універсітэта па валейболу. На гэтым тыдні камандзе дзяўчат ФБФК прадстаяць гульні з камандамі фізікаў, біёлагаў, гісторыкаў, а таксама з дзяўчатамі мастацка-графічнага факультэта. На наступным тыдні пачнуцца фінальныя гульні. Нагадаем, што ў мінулым навучальным годзе нашыя дзяўчаты пацвердзілі сваё званне чэмпіёнаў. Ці атрымаецца ў іх замацаваць занятую пазіцыю? Мы шчыра жадаем камандзе ФБФК перамогі і спадзяемся, што калі хто ў бліжэйшыя дні і будзе прапускаць заняткі, то выключна дзеля таго, каб падтрымаць нашых дзяўчат.
Навіны падрыхтавала
Кацярына Князева