• Авторизация


[...колхоз-Инкорпорэйтэд...] 04-07-2006 22:04 к комментариям - к полной версии - понравилось!


Так мы прокомментировали в фирменной газете нашей группы "Шосты паверх" всеобщую студенческую мобилизацию в колхоз на лен.

Білецік у Сянно

“Хоць бы дождж!” - вось амаль што адзінае жаданне, якое выказвалі студэнты ФБФК ВДУ імя П.М. Машэрава, стоячы раніцай 24 верасня ля ўвахода ў сваю alma mater. А як інакш, калі менавіта яны ў гэты дзень былі чарговай групай, якую, як дэсант на разведку ў варожы тыл, закідвалі ў калгас на лён. Перад студэнтамі была пастаўлена задача - аднадзённая праца на полі з мэтай паскарэння працэсу ўборкі льну з мінімальнымі грашовымі і “чалавечымі” затратамі для дзяржавы. І вось сумленныя грамадзяне сваёй краіны, юнакі і дзяўчаты чакалі, калі будзе дадзена каманда і іх размяркуюць па аўтобусах, што павязуць працаўнікоў у Сенненскі раён. А ў душы ж, пэўна, кожны марыў аб спасальным дажджу. Але ў кагосьці з нябеснай канцылярыі былі свае планы на надвор’е ў гэты дзень.

У час амаль двухчасовага падарожжа высветлілася, што розных талентаў - і спевакоў, і артыстаў, і комікаў - на факультэце беларускай філалогіі і культуры хоць адбаўляй. Пасля гэтага прафесія вадзіцеля аўтобуса падаецца даволі-такі цікавай: ездзіш сабе, слухаеш бясплатныя канцэрты...

У такім прыўзнятым настроі студэнты і выкладчыкі нарэшце былі дастаўлены ў пункт назначэння, дзе іх чакалі бязмежныя палі паўсырога лёну і шчаслівыя калгаснікі, якія нават не хавалі сваёй радасці ад прыбыцця свежай рабочай сілы. І ніякага намёку на дождж.

Шмат для каго са студэнтаў, асабліва гарадскіх, словазлучэнне “падымаць лён” на той час гучала даволі абстрактна. Пасля тлумачэння і нагляднага ўзору, дадзенага брыгадзірам, а таксама пасля фатаграфавання ў пакуль яшчэ чыстым і прыстойным выглядзе пачалася праца.

Праз пэўны час высветлілася, што ў некаторых студэнтаў ёсць не толькі артыстычныя здольнасці, але і задаткі “калгаснікаў-ударнікаў” - так добра заладзілася ў іх праца.

Але, шчыра кажучы, напачатку амаль што агульнай фразай, што чулася то там, то тут на полі, была: “А ў мяне чамусь не стаіць”.

Тым не менш, студэнт на тое і студэнт, каб нават у цяжкасцях знаходзіць нешта добрае. Так, дзесьці гучала музыка з радыёпрыёмніка, а дзесьці - і проста дзявочы спеў, прычым песенны асартымент вар’іраваўся ад сучаснай расійскай поп-музыкі да “Касіў Ясь канюшыну”, пад якую і праца ішла больш плённа. Хтосьці ў хвіліну адпачынку забаўляўся з мабільнікам, які настойліва сцвярджаў, што абанент, які на самай справе знаходзіўся побач, часова не даступны. А хтосьці, так і не дачакаўшыся агульнага абеду, устроіў сабе пікнік на полі, сярод сваіх “кроўных” снапкоў.

Безумоўна, весялей за ўсіх праводзілі час выкладчыкі, якія назіралі за сваімі навучэнцамі у іншым ракурсе і час ад часу ўспаміналі свае студэнцкія гады, паказваючы моладзі, як трэба працаваць. На жаль, часцей яны гэта не паказвалі, а расказвалі.

І вось ужо на полі засталіся самыя трывалыя. Астатнія ж размясціліся групкамі непадалёк і прыступілі да самай прыемнай часткі працоўнага дня - абедзеннага перапынку. І што аказалася найбольш радасным, дык гэта тое, што план быў выкананы ў меншы тэрмін, чым разлічвалі. А таму адразу пасля абеду стомленыя, але задаволеныя сабой, усе пагрузіліся ў аўтобусы і накіраваліся назад, у Віцебск, дзе студэнтаў пасля двух вольных дзён, дадзеных для адпачынку, зноў будуць чакаць сцены роднага універсітэта, заняткі, кнігі, новыя сустрэчы, новыя няўдачы і новыя поспехі. Усё гэта пакіне свой след у жыцці кожнага студэнта. І сярод успамінаў маладосці застануцца малюнкі калгасных палёў Сенненскага раёна. А чаму б і не?

Князева Кацярына

студэнтка 23-й гр. ФБФК

 

 

вверх^ к полной версии понравилось! в evernote


Вы сейчас не можете прокомментировать это сообщение.

Дневник [...колхоз-Инкорпорэйтэд...] | Fiat_lux - [...Fiat_lux...] | Лента друзей Fiat_lux / Полная версия Добавить в друзья Страницы: раньше»