Мінскі фатограф Шчукін аднойчы атрымаў добрую замову на календары з нацюрмортамі. У Шчукіна заўсёды ўсё выдатна і прафесійна арганізавана, апроч аднаго, ён кепскавата выстаўляе нацюрморты. Фота тэхніка на самым высокім узроўні, выдатнае майстэрскае святло, а з кампазіцыяй – не фантан, ня прэ, ёсць сумненні. І каб выйсці з сітуацыі Шчукін запрасіў мастака Барташэвіча памагчы выставіць складаныя нацюрморты. Яны спрацаваліся. Мастак выстаўляў кампазіцыйна ўраўнаважаныя нацюрморты, фатограф запальваў правільнае святло з хітрыкамі, і такім тандэмам яны зрабілі серыю цікавых прац. У гэтай гісторыі мяне здзіўляла, як яны адзін аднога апантана нахвальвалі.
-- Як Шчукін выстаўляе святло – у Мінску ня зможа выставіць ніхто. Як асветлена, ніколі не здагадаешся. Быццам з заду, быццам контрсвятло, а з пераду ўсё светла і ясна. Хітрае суперычнае святло! – расхвальваў Барташэвіч фатографа. У адказ Шчукін замілавана расхвальваў праца мастака. Словы гучалі шчыра і чулліва, вельмі кранальна.
Але па мне тыя нацюрморты былі засмечаныя і перагружаныя неабавязковаю драбязою.
Нядаўна заўважыў, што сапраўдныя мастакі нават сыходзячы з дому пакідаюць рэчы, як арганізаваныя нацюрморты. У Віленскай фотастудыі Алены Адамчык убачыў, як Алена пакінула туфлі з белымі шматкамі паперы, падобнымі да птушак. Гатовы нацюрморт. Адно мне не хапала – добрага сонечнага святла. Вечарэла, але нават у прыцемках я сфатаграфаваў нацюрморт Алены, як занатоўку вобраза на памяць. Каб яшчэ раз вярнуцца і прыгледзецца да святла.
[показать]
Туфлі
Алены Адамчык. 20.08.2008 году.