У Вільні я звычайна спыняюся за горадам у кантры клубе Мерыдыен. Клуб стаіць паміж двух азёраў, і мае лепшы ў Літве фітнэс цэнтр з басейнам і лазнямі, халатамі і махровымі ручнікамі. Колькі разоў у Мерыдыене назіраў за дзіўным мужчынам, ён жыве там стала, як частка інтэр’еру, гадоў пад шэсцьдзесят, відны і прадстаўнічы, жоўтыя туфлі ручной працы, заўсёды ў гарнітуры і ў чырвоным гальштуку – мятліку, пад старасвецкага арыстакрата.
Чалавек у мятліку ўражваў сваёй артыстычнасцю і кідкасцю, асабліва на кантрасце з заўсёднымі беларусамі, што ў кантры клубе на сняданак забягаюць з басейна, ці з пахмелля, бывае, басанож у гумовых тапках і шортах. А поруч чалавек у мятліку, падобны да дырыжора сімфанічнага аркестра ці фестывальнага кінакрытыка, толькі што з Канскіх ільвоў.
Чалавек у мятліку звычайна жыве на апошнім паверсе ў пэнтхаўсе з тэрасаю і
азёрнымі краявідамі. А каб падняцца на апошні гатэльны паверх трэба мець спецыяльны ключык ад ліфта. Кнопка пэнтхаўса замкнёна маленькім замком. Чалавек у мятліку любіць пачакаць каля ліфта, і калі гатэльны люстраны ліфт запаўняецца гледачамі, усе націскаюць кнопкі сваіх паверхаў, ён з тэатральнаю паўзаю дастае ключык і ўключае сваю апошняю кнопку, відавочна працуе на публіку і атрымлівае ад гэтага пэўную асалоду.
Я заінтрыгавана губляўся ў здагадках пра ягоную прафесію. Музыкант, рэжысёр, мастак, чалавек творчай прафесіі? Аднойчы на сняданку ў чалавека ў мятліку зазваніў тэлефон. Не добрай рускай мове, пастаўленым тэатральным барытонам ён выдаў наступнае:
--Ты, бляць, калі не будзь навучышся зямлю лічыць? Ну так, бляць, стань каля экскаватара і палічы колькі каўшоў уваходзіць у самазвал, коўш -- гэта прыблізна куб. А потым палічы самазвалы і памнож на колькасць ходак на дзень і будзеш ведаць колькі кубоў. – і далей яшчэ матам пра экскаватары, самазвалы, і пра архітэктуру ўвогуле.
Мне ўявіліся будоўлі Віленскіх шкляных хмарачосаў, што за апошнія гады моцна змянілі гарадскі ландшафт і воблік старога гораду і, здавалася, змянілі лад жыцця сучаснай Літвы. Але за гэтымі люстранымі гмахамі, праглядаецца яшчэ крышку рускага мату, як вісіць у паветры. Праўда літоўскія архітэктары навучыліся насіць мятлікі, але яшчэ не развучыліся лаецца рускім матам. Будоўля – ёсць будоўля, і без -- бляць, тваю маць, не пабудуеш ані Літвы, ані Беларусі.
[400x600]