• Авторизация


Пра прыгажосць. 23-05-2008 21:03


Прачытаў у дзённіку мастака адраджэння Альбрэхта Дзюрэра:
“На зямлі ня знойдзецца чалавека, які дасць дакладнае вызначэнне прыгажосці.”
Большасць людзей зусім не прыгожая. У іншых прыгажосць хутка праходзіць, адцвітае, вяне, чэзне...
Сустрэў Міхася, п’янаватага аматара танных жанчын, той расказаў, што ў Мінску на вуліцы сярод прастытутак самым вялікім попытам карыстаецца карліца, дзяўчына метр дваццаць росту, крываногая, не вясёлая і пачварна непрыгожая, але ж у сваім жанры папулярная, як Мэрлін Манро.
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
разуменне 22-05-2008 22:13


***
Самае прыгожае вызначэнне пра свайго ката прычытаў у Бероўза -- белы кот сімвалізуе месяц, які заглядае ў кожны куток і вычышчае неба для наступнага дня. Белы кот на санскрыце margaras тлумачыцца як “ паляўнічы, які ідзе па следу і шукае без вестак прапаўшых”.
Я назіраю за сваім белым катом і мне здаецца, кот разумее розніцу паміж дабром і злом. Увечары, калі я саджуся вячэраць, кот прыходзіць, муркае і вуркоча, просіць, каб я з ім пагуляў, звярнуў на яго ўвагу. А мне хочацца паесці і я не рэагую на ягонае мурканне. Тады кот залазіць на кухонную пліту і спрабуе папіць вады з каструлі. Ваду ён любіць піць з пад крана, праточную, а заскоквае на пліту, толькі каб я адклаў усе свае заняткі і гуляў з ім, хоць пару хвілінак. Мне даводзіцца уставаць і гуляцца з катом, або ён будзе рабіць усё тое, што звычайна яму рабіць забаронена.
Бывае я прыходжу, а кот прачынаецца і скача на дыван тачыць кіпцюры. Я павінен сказаць:
--Гога, не тачы кіпцюры аб дыван, ідзі тачыць на сваю тачылку!
Кот напэўна ведае, што я гэта скажу, і адразу паслухмяна выконвае маю просьбу, точыць кіпцюры аб тачылку.
Тут я проста вымушаны гаварыць, які ён добры і разумны каток. Яму гэта вельмі падабаецца і ён задаволена вуркоча і круціцца вакол маіх ног. Такі хітры белы каток.

[550x367]

кот...
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии

сквапнасць 22-05-2008 22:12


***
У майго стрыечнага брата Анатоля памірала ад лейкеміі дзіця, доўга і пакутліва. Смерць сына выела, спустошыла Анатолеву душу, і тую пустую душу падабралі сектанты, сведкі Іяговы. Анатоль быў дацэнтам, выкладаў механіку, але ў інстытуце ад Анатоля адвярнулі ўсе, і сябры, і калегі, і былыя знаёмыя. Давялося сысці з працы, пачынаць жыццё ад нуля.
Цяпер, калі сустрэць Антоля, то спачатку твар у яго суровы, пахмурны, засяроджаны, ён мусіць сведчыць. І ён сведчыць, і сведчыць, усім і кожнаму, каго сустракае. Такі сектантаў абавязак. Анатоль выдае радыёграмаю, манатонным голасам, -- як сустрэнецца з Богам, і ў яго, там на небе, спытаюць, чаму ён ведаў, і не расказваў пра свае веды, і далей завучаны манахромны тэкст свайго сектанскага сведчання. Але хутка Анатоль выгаворваецца, гэта прыносіць палёгку, свядомасць вяртаецца, твар прасвятляецца, і з Анатолем можна гаварыць, і жартаваць, і ўспамінаць мінулае.
З дзяцінства я вельмі любіў Антоля. Ён на пару гадоў за мяне старэўшы, ня раз браў мяне малога на ранішнюю рыбалку. Мы ўставалі на досвітку, і Анатоль вёз мяне на раме свайго чорнага дарожнага ровара на вялікія азёры, і мы лавілі сапраўдных тлустых карпаў, у нейкім рыбгасе, на браканьерскія донкі, складалі рыбіны ў палатняную торбу і прывозілі да дому яшчэ жывымі. Гэта былі сапраўдныя вялікія рыбацкія прыгоды. Усю рыбу Анатоль заўсёды забіраў сабе.
--Я б аддаў табе рыбу, але ж я не магу, -- гаварыў мне Анатоль: -- таму, што гэта мая рыба.
Я не любіў есці рыбу, і не крыўдаваў на брата, -- крышку сквапны, але ж такі родны і свой чалавек.
Нядаўна ў кампаніі сваякоў сустрэў Анатоля, а ў яго быў злы і засяроджаны позірк, што я пачаў распытваць, якая бяда зноў здарылася з маім брацікам Толікам.
Сястра Анатоля мне прызналася, што брату трэба ў секту аддаваць дзесяціну заробку, а ён дом пачаў будаваць, і яму надта ж грошай шкада, вось ён сядзіць такі злы і хмуры.
--Відаць ня ўсе пачуцці забрала секта, -- парадаваўся я за стрыечнага брата. Вера прыходзіць і сыходзіць, а сквапнасць застаецца назаўжды.
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
шашлык і плоў 20-05-2008 23:01


Шашлык – гэта кепска прыгатаванае, тлустае і падгарэлае мяса. І не варта спрачацца, няма пра што гаварыць.
Знаёмы архітэктар Георгій неяк выказаўся ў кампаніі:
--Усе выходныя па-над лецішчамі вісіць гарэлы смурод крэматорыяў, калі смажаць мяса на адкрытым агні. Народ п’е піва і ўдае культурнае яднанне з прыродаю, і яшчэ дадае гарэлачкі...
Усе пачалі нападаць на архітэктара і даводзіць, як па майстэрскі яны падсмажваць мяса і, быццам, не на агні, а на вуглях, і не падгарае, і ня тлустае, і гэта таксама мастацтва...Такі самападман.

Аднойчы ў войску, а пра войска я заракаўся больш не пісаць, я злавіў кухара з касяком анашы. Кухар узбек спалохаўся, і пачаў выкручвацца, гаварыў -- анаша ў іх дома, ня толькі шмаль, але і прыправа да плову.
У войску я служыў старшыною, і сярод маіх абавязкаў быў самы адказны – праверка якасці згатаванай ежы. Што дня я мусіў каштаваць усё, што гатавалі мае салдаты.

--Старшына, я вырас у каноплях, мне з дому крышку прыслалі, як спецыю, і я вам зраблю плоў, які вы аніколі не каштавалі, такі мы гатуем дома.
Я пагадзіўся на кампраміс, не закладаць жа салдата.
Увечары кухар згатаваў знешне звычайны плоў, з баранінаю, рысам, моркваю і часнаком. Але ў апошні момант, за пару хвілінак да гатоўнасці, кухар густа засыпаў плоў сухімі кусцікамі каноплі, як у нас прысыпаюць звараную маладую бульбу зялёным кропам і накрываюць на пару хвілінак накрыўкаю і ручніком.
Той плоў, трэба было есці рукамі, браць пальцамі крышку рысу з кавалачкам мяса і асцярожна несці у рот, -- спыніцца было немагчыма, у ежы з’явілася тая дурота, ад якой плыве розум і прабівае на подзвігі. Мы невялікай кампаніяй з’елі казан плову на ўзвод, плоў меў незвычайны прысмак і нешта наркатычнае так уздзейнічала на страўнік, што немажліва было наесціся, не насыціцца, не нажэрціся, не спыніцца. І мы жэрлі і жэрлі той плоў, як апантаныя, як нешта сакральнае і звыш смачнае. Дурота сваю ўзяла.
Пасля два дні усе ўдзельнікі трапезы, апроч загартаванага кухара узбека, цяжка хварэлі жыватамі. Але кухара ў тым я не вінаваціў, толькі ўзяў з яго слова, каб шмалі на кухні больш не было.
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
Без заголовка 18-05-2008 21:04


***
З ружовых пялёстак
слівы вецер нарадзіў
дробных матылькоў.


хоку...
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
хоку 18-05-2008 21:03


***
Мне прыгажэй за
яркіх матылькоў лісток
на дрэўцы гінкга.

[400x407]

З усіх раслінак, што давялося пасадзіць больш за іншых люблю танюткае дрэўца гінкга (Ginkgo biloba), а чаму, не магу вытлумачыць нават самому сабе.

хоку...
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
кот 16-05-2008 23:24


У 1982 годзе Адам Глобус намаляваў ката – рыхтык мой рабрысты корніш-рэкс Гога.


[500x336]
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
Чорная ўдава 16-05-2008 23:18


***

Звычайна Чорная удава ўдае з сябе бландзінку, носіць чырвоныя ды стракатыя транты і пазбягае ўсяго чорнага ды жалобнага. Заточаныя пазногці і яркія вусны, гламурны макіяж ды салодкая парфумерыя, ніхто не павінен здагадацца, што гэта Чорная ўдава, жанчына – павучыха. Яна ганарыцца сваёю адукаванасцю, сваімі ведамі і здольнасцямі, але з тых здольнасцяў усё жывое наўкола гіне, сохне, чарсцвее. Чорныя удовы высмоктваюць душы.

У нашай сям’і самым прыгожым, здольным і адораным боскім талентам мастака быў мой стрыечны брат Анатоль, ён граў на гітары, пранікнёна спяваў і ўмеў адною тонкаю рыскаю, простым накідам, намаляваць дзяўчыну ў руху і ў ракурсе, падобную да анёлка, празрыстую ясную і чыстую, завершаны вобраз. Кожная дзяўчына хацела выглядаць менавіта так прывабна, як маляваў Анатоль. Але Анатолю не пашчасціла, ён ажаніўся на Чорнай удаве.
Па начах Чорная удава высмоктвала з Анатоля душу, па кроплях, па уздыхах, з кожным ударам сэрца. Анатоль высах ды счарнеў. Удава задушыла натхненне, клапатлівымі павучымі ручкамі скавала сэрца, траскатнёю ды трызненнем затлуміла розум, і вялікі талент пакінуў Анатоля. Мастак пачаў зарабляць жонцы на чырвоныя транты, пачаў халтурыць, мітусіцца, бегаць па дробных заробках па выдавецтвах, па часопісных прыробках, і хутка ад вялікіх здольнасцей не засталося і следу.
Аднойчы Анатоль з жонкаю прыехаў у горад Сочы на адпачынак да нашай цёткі Рэні. Увечары Анатоль, зачыніўшыся ў прыбіральні, таемна, каб ні хто са сваякоў ня бачыў, пачаў мыць і праць жончыны станікі ды майткі. Рэня выпадкам убачыла, Анатоль засаромеўся і доўга тлумачыў, якая ў яго разумная ды занятая жонка, яна піша дысертацыю па мастацтвазнаўству, паедзе абараняцца у Маскву да Сперанскага.
--Да самога Сперанскага! -- паўтараў Анатоль, але цётка не разумела, пра што гаворыць яе любімы таленавіты пляменнік, яна адчула, як Чорная ўдава высмактала да рэшты душу Анатоля, і цяпер у пустой абалонцы боўтаецца пустая сэрца маленькага небаракі рамесніка.

Але ў прыродзе ўсё ўраўнаважана, на кожную Чорную ўдаву, ёсць мужык Сіняя барада.
Сінія барада любіць галіцца старанна да бляску, ды гэта іншы сюжэт...
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
пах фотаздымка 16-05-2008 04:15


***
Жанчына падышла так блізка да карціны, што мне падалося, быццам яна хоча панюхаць палатно.
--Не варта нюхаць жывапіс.
--А фотаздымкі? -- спытала жанчына і прынюхалася да палатна. --Свежыя фарбы?
--І фотаздымкі не варта нюхаць, гэта нешта сярэдняе паміж думкаю і рэччу.
--Ты што? А я так люблю пах свежых палотнаў!
Жанчына адвярнулася ад карціны і выйшла з пакою.
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
Без заголовка 14-05-2008 21:43


***
Вясновы холад,
я захварэў, а каток
просіць пагуляць.


[400x600]


[400x609]

хоку...
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
адвакат 14-05-2008 21:38


У адваката Ліды каламутныя вочы ў якіх нічога не адлюстроўваецца, як у замерзлай вадзе.
Яе першага мужа расстралялі ў сярэдзіне дзевяностых. Ліда выкладала на юрфаку, пісала каментары да крымінальнага кодэксу, практыкавала ў адвакатуры і ведала палову беларускіх юрыстаў, пракурораў, суддзяў і міліцыянтаў, -- усе яны яе вучні і былыя студэнты. А першы муж Ліды быў вядомы крымінальнік па мянушцы Боцман, нават знакаміты “аўтарытэт”. Жонка юрыст так добра бараніла ягоныя цёмныя інтарэсы, што крымінальніка ні як не маглі прыцягнуць да адказнасці. Але Боцман жыў з Лідаю нядоўга, кінуў і ажаніўся на іншай дзяўчыне. Боцмана расстралялі з аўтамата ў прыдарожнай кавярні, разам з новаю жонкаю і цьмянымі сябрамі, летам сярод дня. Забойцаў Боцмана не знайшлі.
Цяпер Ліда любіць параўноўваць крымінальнікаў і міліцыянтаў. Ліда расказвае, што гэта людзі адной сутнасці, адной маралі і адной этыкі. Ці быў Боцман бандытам? Тут Ліда ўспамінае пра ягоную харызму і брутальнасць.
-- Але ён ня быў небяспечным, -- тлумачыць Ліда: -- бо ня меў адукацыі, а самыя небяспечныя, гэта адукаваныя бандыты з “органаў”, носьбіты сістэмных і разбуральных ведаў, яны прафесійна абучаныя “ставіць пасткі”, катаваць і забіваць і хавацца, а Боцман, параўнальна з імі, быў вялікім дзіцём і рамантыкам. Гэта была рамантыка на вялікай дарозе, і яму шчасціла, ды шчасце не робіць людзей добрымі, гэта мы ведаем, адносна іншых, шчаслівых людзей.
Ліда шырока ўсміхаецца, а каламутныя вочы застаюцца сцюдзёнымі і пустымі. У тых вачах мне заўсёды бачыцца поўная юрыдычная абыякавасць да чужога жыцця.
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
гарбата і ягамосць 11-05-2008 22:40


***
Вавенарг заўважыў, што філіжанка чорнай кавы пасля абеду добра падымае пачуццё ўласнай годнасці, як трапны жарцік збівае фанабэрства і пыху.
Да чорнай кавы я прызвычаіўся, выпіваю механічна і незаўважна, як прызвычаіўся і да іранічных і нават злых каментарыяў у жывым дзённіку. А вось кубак добрай зялёнай гарбаты выпіты ў самоце, менавіта сам насам, сапраўды наталяе пачуццё ягамосці...і можна далей пісаць свае і чытаць чужыя глупствы.


[400x600]

Зялёная гарбата, фота ...
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
Без заголовка 11-05-2008 22:37


***
Жанчыны пачала зайздросціць мужчынам, марная справа-- спрабаваць задаволіць зайздросніцу.

Маладушная Алена раніцай выносіць на сметнік засохлыя кветкі разам з вазонамі ў драных чорных панчохах і зашмуляным пеньюары, а ў дзень купляе сабе новыя кветкі і новыя вазоны. Алена цудоўна ведае, што ў яе кватэры ўсё жывое або засохне або падгніе, такі яна чалавек. Самыя агіднае маладушша -- жаласць да самога сябе. Алена вельмі сябе шкадуе, высока цэніць і таемна зайздросціць мужчынам. Нават жартам кідае, што хоча змяніць пол. У жарт, бо Алена спец па гендарным праблемам, вялікі тэарэтык сацыяльных захворванняў. Алена лёгка разважае пра месца жанчыны ў грамадстве, усё падсумоўвае і пыхліва падлічвае свае дасягненні і перамогі, але ж усё гэта ...з гнілымі кветкамі ў падтэксце.

***
Няма герояў, месцы герояў займаюць антыгероі, са сваімі антыподзвігамі і антымараллю.
Я даўно не чуў пра гераічную смерць, даўно нікога не везлі ўрачыста хаваць на пушачным лафеце і галосна не заяўлялі: “Ён памёр, як сапраўдны герой!!!” , -- ды гэта заўсёды гучала фальшыва. А можа і добра, што мы цяпер паміраем ціхамірна, як дрэвы, як кветкі, не гераічна, без пафасу і салюту. Думаю, гэта натуральна і па-чалавечы ў старасці высахнуць ды ціха сысці ў нябыт.

***
Днямі літаратуразнаўца , натхнёна разважала пра свае выключныя пачуцці, з такім пафасам, што хопіць на гераічную смерць на крыжы. А ўчора прачытаў у яе кулінарным дзённіку, што “у кожнага ў жыцці наступае момант, калі бацькі не могуць нічога даць... акрамя ежы.”
Якое прымітыўна спажывецкае і ўтылітарнае бачанне сям’і і свету!
Колькі святла мне можа даць мая мама!
Да мамы ў бібліятэку не трапляла ніводнага сонечнага промня, аніколі, ні ў зімку ані летам. Вокны бібліятэкі выходзілі ў калодзежны двор дзе вечны паўзмрок ды лунала шарасць. Але ў мамінай бібліятэцы заўсёды былі кветкі, на шырокіх падаконніках не менш як сто вазонаў з кветкамі, раслі лімоны і амарылісы, папараці і дыфенбахіі і алое і яшчэ шмат усякага зелля, што можна выгадаваць у звычайным вазончыку пад вакном. Кветкі загінулі праз месяц, як мама пайшла з бібліятэкі на пенсію. Ёсць месцы ў якіх не жывуць кветкі -- падгніваюць, скурчваюцца, кіснуць і сохнуць, ясна -- справа не ў месцах пад сонцам, а ў людзях. Я ведаю, ад мамы сыходзіць тое цяпло, з якога нават ў цемры заквітнеюць папараці чароўнымі кветкамі, а ў іншых на сонцы згніе цагляны вазон.
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
спірт 10-05-2008 00:03


***
У школе мне пашанцавала з настаўнікам пачатковай вайсковай падрыхтоўкі, сапраўдным палкоўнікам, франтавіком, гумарыстам і выдатным апавядальнікам.
На самым суровым школьным уроку замест матэрыяльнай часткі аўтаматы АК - 47, я з захапленнем слухаў пра франтавыя прыгоды сувязіста. У палкоўніка падрыгвала рука – вынік кантузіі, заўсёды ў мундзіры, ён ардэнаноснай постаццю выходзіў да дошкі і камандным голасам, нават драматычна, пачынаў урок:
--Я браў Берлін! Я раскажу вам, як мы бралі Берлін. Не, рэйхстаг я не браў, -- я арганізоўваў сувязь. Але ў Берліне мы ўзялі цыстэрну са спіртам, а за цыстэрну са спіртам, я вам скажу ішлі баі не горшыя, чым за рэйхстаг. Вы яшчэ не ўяўляеце, што такое спірт, а тым больш – цыстэрна са спіртам? Ішлі крывавыя баі з бандамі марадзёраў, такія, што можна было памерці героем, але цыстэрну мы ўтрымалі. Я вам скажу, што спірт я не піў, і вам не раю піць, але за каністру са спіртам, я выменяў мяшок белай мукі , масла, яйкі і цукар. Я быў такі ж, як і вы, навошта вам спірт, вам трэба крышку салодкага печыва. І мне хацелася хатняга салодкага печыва. Мы ня елі печыва чатыры гады. Гэта вы можаце сабе уявіць, без салодкага печыва чатыры гады? Я знайшоў немку і папрасіў нам на ўзвод сувязі спячы, што не будзь хатняга і смачнага. Я прынёс муку, цукар, яйкі і хацеў пайсці, але немка мяне спыніла і кажа. Пачакайце, так ня пойдзе, трэба ўсё узважыць, палічыць і занатаваць. Зараз я раскажу вам пра нямецкі педантызм. Немка прымусіла мяне знайсці вагі, усё ўзважыла, марудна вяла падлікі на паперцы, і выдала колькі мусіць атрымацца печыва, з той мукі і масла, што я прынёс. Яна прымусіла напісаць распіску, што я згодны з падлікамі. За ноч немка напякла нам розных салодкіх рагалікаў і крэндзеляў, мы былі шчаслівыя. як дома пабывалі. І гэта быў салодкі смак перамогі...
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
Ампір 08-05-2008 01:11


***
– Я букініст, але не антыквар. А ты ведаеш, чым адрозніваецца букініст ад антыквара? -- Спытаў у мяне малады букініст Кірыл і расказаў, як аднойчы яго запрасілі паглядзець і ацаніць прыватную бібліятэку. Цікавых выданняў у тым кнігазборы букініст не знайшоў і хацеў пайсці, але расчараваныя гаспадары прапанавалі яму паглядзець на антыкварны ложак:
– Сапраўдны ампір! Вы толькі гляньце на ложак, і ацаніце, мы танна аддадзім! – настойвалі гаспадары.
Букініста завялі ў суседні пакой. Ложка ён не разгледзеў, таму што на ложку ляжала старэнькая бабулька і такімі дзіцячымі і спалоханымі вачыма глядзела на букініста, што было не да ампіру. Букініст выскачыў з пакою і сказаў, што слаба разбіраецца ў мэблі.
– Вы не звяртайце увагу на старую, яшчэ тыдзень і ложак вызваліцца! Шыкоўная рэч – ампір!
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
Пацалунак 07-05-2008 01:47


***
Я люблю цалавацца, пацалунак – жэст любові.
На дні нараджэнні выпілі і танцавалі, весела і лёгка, рытмічныя і павольныя танцы. На вальс я запрасіў знаёмую дзяўчыну Алену. Мы закружыліся па залу і Алена закінуўшы голаў спытала:
-- Я бачыла, як ты цалаваў жонку, вы цалуецеся?
-- Так, цалуемся, пацалунак –самы эратычны момант кахання.
--А мяне мой Саша ніколі не цалуе, --Алена вытрымала паўзу і дадала: -- Ніколі, ніколі не цалуе, а я так люблю цалавацца.
Яна гаварыла пра сваю бяду механічна, як пра зламаны гадзіннік, ці пабітую аўтамабільную фару, і хацела пачуць у адказ адно ветлівае спачуванне.
А мяне гэта вельмі здзівіла, Алена і Саша пражылі разам пятнаццаць гадоў, нажылі дваіх дзяцей і знешне выглядалі шчаслівай сям’ёю, але ж без пацалункаў, якое гэта шчасце, гора, а не сям’я.


[550x397]

Леташні пацалунак, 06.05.2007.

[550x396]
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
Без заголовка 05-05-2008 01:11


***
Дызайнер Кацярына сустрэлася з заказчыцай у кавярні. Кацярына замовіла сабе каву эспрэса. Заказчыца паказала на каву і ўпэўнена сказала:
--А калі я выпіваю такую моцную каву, то ў мяне выскоквае сэрца!
--У мяне не выскоквае сэрца, -- адказала Кацярына.
--Чаму ж так? –уздыхнула заказчыца.
--Таму што ў мяне няма сэрца, -- пажартавала Кацярына.
--Як кепска, што вы не сказалі гэта раней, да таго, як я з вамі падпісала кантракт, – падсумавала заказчыца.
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
Без заголовка 05-05-2008 01:09


Рададэндраны,
як салаўі спяваюць
у маім садзе.

[550x367]

[550x553]
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
Без заголовка 02-05-2008 18:15


[500x587]

Я з братам, 1983 год, Фота Алены Адамчык.
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии
Самападман 02-05-2008 18:03


***
Самападман выратоўвае ад адзіноты і пустаты, але марныя надзеі – сон на яву.
Ня ведаю, што горш, самападман, ці спустошанасць, што прыйдзе за стратаю надзеі.
Аляксей былы лётчык, цяпер прадзюсер, высокі падцягнуты блакітнавокі бландзін. Вечна разрываецца на трох працах, запускае паветраныя шары, рамантуе відэатэхніку, гандлюе патрыманымі аўто, круціцца, каб утрымаць сям’ю. Сын студэнт, жонка Галіна ніколі не працавала -- хатняя гаспадыня, але ўся гаспадарка трымаецца на Аляксею, ён гатуе, прыбірае, рамантуе кватэру, а Галіна паціху спілася. Гэта бачна ўсім, апроч Аляксея. Як пра такую бяду сказаць чалавеку? Кожны ранак Галіна выходзіць у краму, бярэ пляшку і з дваравымі бамжамі набіраецца ў цемру, да шклянога стану, і з невідушчымі вачыма вяртаецца да дому. Аляксей тое, як не бачыць, а расказвае, што жонка крышку кепска сябе адчувае, і гаворыць так быццам, сам у тым перакананы, або спадзяецца, што ўсё само наладзіцца, ды спадзяванні і надзеі – сон на яву, і заўтра давядзецца прачнуцца.
Аднойчы сустрэў Аляксея ў двары, калі ён выносіў смецця – пухкі празрысты пакет з падранымі паперамі.
--Галю забралі у бальніцу, кепска было, парвала ўсе фотаздымкі, але цяпер усё будзе добра, яна паправіцца,– сказаў Аляксей, як зноў паверыў сваім словам, і пайшоў на сметнік марудна і вяла, нібыта ў сне.
А мне падумалася, што Галіна хацела скончыць жыццё самагубства, а скончыла тым, што парвала свае фотаздымкі.
комментарии: 0 понравилось! вверх^ к полной версии