Пахне духамі і нафталінам.
Хлопчык нязграбны бяжыць з мандарынам.
Дакладная формула правінцыі.
***
У сваёй правінцыйнай частцы Мінска для мяне формула правінцыі – дзеці на роварах каля возера, хлопчыкі з дзяўчатамі ганяюць наперагонкі. Заўсёды перамагае Дыяна, у яе лепшы ровар і бацька былы чэмпіён СССР па веласпорту .
***
Свабода разбэсціла хатняю істоту. Выпусціў ката на вуліцу, і ціхі Гога здзічэў за дзень.
Спачатку вераб’і прыляталі дражніць ката, завісалі ў паветры і трэслі крыльцамі, як стракозы, -- дарма, кот абавязкова адпомсціць. Варона асіпла каркала з паркана, але варона кату не птушка, на варону кот паглядаў з перасцярогаю і напружваўся.
Дома за паўгода жыцця кот не зачапіў ніводнай раслінкі, а на вуліцы за раз затаптаў хосту, загрыз гартэнзію, перавярнуў поўны попелу мангал на рададэндран, наеўся мух і перапэцкаўся сажаю, як пераапрануўся ў шэраю світку, цяпер -- мурзаты дзікаваты вулічны кот. Жыццё – цуд!
***
Паставіў на двары плот з сеткі, каб выпускаць ката на вуліцу.
Учора вечарам па рэкамендацыі ветэрынара капнуў кату на патыліцу за вушамі кроплю лекаў ад глістоў. Нямецкі сродак для вонкавага ўжывання. Гога імгненна выгнуўся і аблізаў патыліцу. Небарака, ледзь не памёр. Шкода скацінку, сліна цякла цэлы вечар, і ня ведалі, чым дапамагчы.
***
Учора ў лазні сябра Ўладзімір згадваў, як трапіў у войска.
Служыў у Мінску. У першы дзень сядзеў каля казармы з Анатолем, такім жа маладым байцом. Абодва чэмпіёны: Уладзімір па барацьбе, на той момант, чэмпіён СССР, Толя Гантварг -- -- трохразовы чэмпіён свету па міжнародным шашкам. Да хлопцаў падышоў прапаршчык і ласкава пытаецца:
-- Што ж вы сыночкі форму не апранаеце?
-- Склад зачынены.
-- Давайце хуценька апранайце форму і бягом тачкаю гной вазіць, -- загадаў прапар з шырокай бацькоўскай усмешкаю.
-- Як так? Мы ж спартоўцы, -- абурыўся Уладзімір.
-- Выдатны, хлопчыкі, выдатна, -- узрадаваўся прапаршчык і да Гантварга: -- сынок, а ты якім спортам займаўся?
-- Шашкамі.
-- Цудоўна, сыночак, у нас якраз у прыбіральні падлога ў клетачкі-шашачкі -- будзе табе занятак да раніцы адмываць.
Пайшлі чэмпіёны драіць падлогу, і покуль адціралі клятчатую плітку, Уладзімір сабе слова даваў, кляўся, заракаўся, -- пакласці ўсе сілы, здароўе, памерці, але ж вырвацца ў іншы свет.
***
Сустрэў знаёмага Александра (вядомага аўтарытэта Мірона), і той зрабіў заўвагу, што я сумны, не вясёлы, параіў вучыцца жыць весялей:
--Вось калі цябе пасадзяць, а ў нас раней ці пазней перасадзяць усіх, таталітарная краіна, ты даведаешся, што там на “хаце”, яны ўсе на волі весяліліся, ездзілі на срэбных мерседэсах, елі ў добрых рэстаранах і мелі прыгожых дзяўчат ...Там, брат ты мой трэба весяліцца, інакш ня выжыць. Глядзі на свет пазітыўна.
А мне наадварот падалося, што ягоны аптымізм трымаецца на перакананні, што заўтра будзе горш, але мы пасмяемся са свайго мінулага.
Усе нараджаюцца праўдзівымі, а паміраюць ілгунамі.
***
Мультыплікатар Саша Ленкін маляваў карціны, было натхненне, настрой і быў пакупнік мецэнат.
--Я вучыўся ў тэатральна мастацкім інстытуце на акторскім аддзяленні, -- расказваў мультыплікатар: -- побач вучыліся мастакі, і мне так моцна закарцела пачаць маляваць, я за ноч набэрсаў адну карціну алеем на палатне. Аднойчы да мяне выпадкова зайшоў знаёмы мужык, убачыў карціну і купіў, і я пачаў маляваць далей, а ён купляў і купляў мае карціны. Мы не сябравалі, нават былі слаба знаёмыя, ён проста ўбачыў у ва мне мастака, заплаціў за карціну, і сказаў, што будзе мяне падтрымліваць і дапамагаць. Я маляваў як апантаны, не за грошы, мне здавалася, што ў ва мне жыве вялікі мастак.
Аднаго разу я прынёс яму да дому новую карціну і мне хацелася глянуць на старыя працы, а бізнесовец п’яны, ледзь гаворыць, ў дом не пускае, але потым кліча за стол, налівае шклянку віскі і расказвае, як запіў, як пасварыўся з жонкаю, і яна з помсты, ці з шаленства, дурная баба, знішчыла ўсе мае карціны.
На гэтым мультыплікатар кінуў жывапіс і пачаў выпіваць. Натхненне сышло назаўсёды. Карціны ён больш не малюе, праўда, зрэдку робіць вясёлыя дзіцячыя мульцікі.
***
Некалі ў часопіса Маладосць была рэдакцыйная машына волга і працаваў вясёлы шафёр Толя Пенязь.
Пад час перапынкаў шафёр Толя лёгка і пастаянна абыгрываў у шахматы рэдактара прозы, раманіста і паэта Леаніда Дайнэку. Гэта навяло Толю на думку, што ён не дурнейшы, а нават разумнейшы за пісьменніка Дайнэку. Толю прабіла напісаць свой уласны раман.
--Ну калі ў шахматы я гуляю лепш, то і раман напішу ня горшы, -- усім і кожнаму расказваў шафёр пра сваё адкрыццё.
Раман не раман, а кароткую павястушку Толя напісаў. У роднай рэдакцыі твор паправілі, падрэдагавалі і выдалі, а праз год выйшла кніжка Анатоля Пенязя. Давялося маладога празаіка прыняць ў саюз пісьменнікаў. Шырока адзначыўшыся банкетамі , стаў Анатоль, як сапраўдны літаратар, ганарыцца сваім раманам, лічыць сябе завершаным сталым празаікам, -- ну , як той казаў, не дурнейшы за Лёню Дайнэку.
Ды час усё расставіў на свае месцы, а месца той прозе шафёра, там дзе зараз яна знаходзіцца – на сметніку ці ў нябыце.
***
Я раней згадваў, як французскі мадэрніст Жуль Рэнар у дзённіку запісаў:
“Чаму я не пішу раманы? Не хачу ілгаць.”
Хочацца паспрачацца з Рэнарам, быццам не бывае кепскіх ці добрых жанраў літаратуры, і літаратура вымяраецца талентам, але па вялікаму, пагаджуся, раман -- жанр ілжывы па сутнасці. Тая ілжывасць найперш тоіцца ў залежнасці аўтара ад сюжэту, мажліва таму даўно не захапляюся вялікімі літаратурнымі палотнамі, а чытаю кароткія занатоўкі, дзённікавыя нататкі, эсэ, там яшчэ знаходжу цікавае, жывое, праўдзівае і шчырае слова.
***
Трэба павесіць аб’вестку: здаецца шпакоўня, выгоды на двары, поруч сонечная яблыня і цяністая сліва. Катоў – няма.
Быў кот Цімоха, попельна-шэры, кудлаты, кот -- акрабат. Калі яблыня адною галінкаю дарасла да шпакоўні, там якраз запішчалі жаўтадзюбыя шпачкі, як быццам ім у дзюбы ўставілі танюткія свістулькі. Цімоха за раз з’еў усіх птушак. Сусед спілаваў тую галінку, але запозна, шпакоўня спусцела.
Праз тыдзень Цімоха прыпоўз да дому і памёр пад ганкам. Лёня, гаспадар Цімохі, паказаў пальцам на суседзяў праз плот:
-- Яны засеклі Цімоху рыдлёўкаю, за тое, што ён хадзіў біцца да іхняга рудога ката.
Я не сказаў Лёне, што думаю, Цімоху засеклі з-за шпакоў. Гэта вёска, тут усё вырашаецца па сялянскі проста. Твой кот зайшоў на мае грады, б’ецца з маім катом, топча мой агарод, падушыў маіх птушак – на вёсцы яму ня жыць.
***
--Я зноў сышла ад Вовы, -- скардзілася на мужа Таня, -- ён мне абрыд, асабліва ягоная вечная звычка браць з шафы чысты ручнік, выцірацца, і мокры зноў складаць у шафу на паліцу, ды яшчэ хаваць на ніз стопкі. Ад гэтага ў шафе разводзіцца цвіль і ўсё вечна сырое. Ды ён не прызнаецца, кажа, што не дакранаўся да маіх ручнікоў, а яны тхнуць ягоным адэкалонам. Я больш не ў стане гэта трываць, мяне калоціць...
Вова і Таня працавалі ў адной рэстарацыі. Вова бармен, жонка -- адміністратарка. Час ад часу Таня сыходзіла з дому, звычайна на тыдзень – два, і зноў вярталася да свайго любімага Вовы. Калі жонка звальвала з кватэры да цёшчы, Вова сыходзіў у цяжкі загул, з гарэлкаю, з бойкамі і з адпаведнымі дзеўкамі. Таня вярталася, верашчала, енкам і крыкам разганяла спітую кампанію. Вова і Таня не маглі жыць без сямейных скандалаў.
--Я вярнулася, як ўявіла сабе -- ягоныя дзеўкі носяць мае халаты і выціраюцца маімі ручнікамі, -- расказвала Таня, -- а ў хлебніцы знайшла пластыкавы член з вібратарам. Ты можаш уявіць – хто кладзе член у хлебніцу? Што творыцца ў доме?
Гэта паўтаралася з года ў год. У сям’і бушавалі страсці, і ў гэтым быў увесь сэнс існавання Вовы і Тані. Між скандаламі і сваркамі нарадзілася і падрасла дачка Каця.
У Тані вялікія вочы, белазубая амерыканская ўсмешка — кажуць, вочы і твар -- люстэрка душы. Я гляджу на Таню, і думаю рот -- люстэрка яе душы. Яе духоўнасць толькі ў маўчанні, а як раскрывае рот і прамаўляе тры словы ціхім асіплым шэптам, духоўнасць выветрывацца, як пар.
Усё змянілася ў той дзень, як ветрам з шыбы на восьмым паверсе вынесла шкло і абрынула на галаву дванаццацігадовай дачкі Каці. Аскепкамі шкла дзяўчынку цяжка параніла, пасекла, і скалечыла твар.
Вова кінуў піць, кінуў вясёлую працу бармена, сям’я сабралася ў адно цэлае. Страсці перагарэлі, абвугліліся і спапяліліся, толькі вялікая гора, сапраўдная бяда можа так моцна знітоўваць сям’ю.
Я не вялікі прыхільнік літаратурна - наркатычных доследаў Вільяма Бэроўза (William Burroughs), але пад уплывам апавядання “Кот у сярэдзіне” ( The Cat Inside) адчуў патрэбу занатаваць свае назіранні за белым катом, які што дня прыходзіць да мяне на калені пагрэцца, палашчыцца, выпрасіць пачастунак з маёй талеркі.
***
Любімае месца ката ў доме?
На стопцы чыстай свежаадпрасаванай яшчэ гарачай бялізны. І з гэтым немагчыма змагацца, чыстыя цёплыя рэчы саграваюць яго душу. Следам за бялізнаю кот любіць пранікаць у шафу. Незаўважна прасочваецца і салодка засынае на гардэробнай паліцы. Калі кот надоўга знікае, я іду правяраць шуфляды, скрынкі і шафы, бывала не раз, выпадкова зачыняў ката ў шафе, але ён не выказваў за гэта крыўды.
Некалі ў мяне быў сабака, злы і сквапны да ежы ратвейлер -- выдрэсіраваная сучка Ракша. Сабака меў моцны паляўнічы інстынкт, у доме ён паляваў на пушыстую гаржэтку з футра янота. Сабака дакладна ведаў -- на верхняй паліцы ў шафе хаваецца ненавісныя тушкі янотаў, і калі нехта адчыняў шафу, то ратвейлер злосна скаліў зубы і кідаўся душыць і драць гаржэтку.
У ката цалкам іншае стаўлянне да той самай гаржэткі. Аднойчы ў доме мы згубілі ката, я праверыў усе кашачыя схованкі. Гога бясследна знік. Я па другому разу ўважліва праверыў шафу і знайшоў ката загорнутага ў старую футравую гаржэтку. Кот палюбіў заварочвацца ў гаржэтку, як быццам дагэтуль сабачы дух блукае па дому.
На працу забег сын Чэслаў і папрасіў на вечар мой фотаапарат паздымаць сваю кампанію. У мяне дома вечарам таксама плануюцца госці, але падумаў, што ягоная кампанія будзе весялейшая, дакладна маладзейшая і прыгажэйшая. Фотаапарат са скрыпам аддаў, мае госці абыдуцца без здымкаў.
***
У Мінску з раніцы да вечара сыпле халодны дробны дождж, кот спіць цэлы дзень, а мне хочацца сонца і мора, таму задумваюся пра адпачынак.
Я не люблю падарожнікаў, якія едуць у чужыя краіны за невядомымі адкрыццямі, як быццам за натхненнем, і выхваляюцца цікавымі прыгодамі, параўноўваюць жыццё іншых, але часцей, як след ня ведаюць ані свайго, ані чужога, на ўсё глядзяць павярхоўна, з вокнаў аўто, як Юра Гагарын на Зямлю з ракеты. Як быццам шырокія далягляды пашыраюць душу.
У Канфуцыя ёсць знакаміты афарызм: “не Шлях пашырае чалавека, а чалавек пашырае Шлях.” Мне хочацца пашырыцца і шахнуць куды да сонца. Мае раслінныя пачаткі нясцерпна патрабуюць фотасінтэзу, хутчэй выпраменьванні Сонца пачаць ператвараць ў энергію арганічных рэчаў.
Ведаю, прырода, жыццё, цікавыя людзі і гістарычныя помнікі ёсць паўсюды, а прыгоды жывуць у сярэдзіна нас саміх, таму я не люблю падарожнічаць і ў адпачынак езджу ў адно і тое ж месца, пятнаццаць гадоў. У Барселону! Кот застанецца дома сумаваць.
***
Аднойчы поруч са мною ў гатэль засяляліся маладажоны.
Жаніх у крэмавым гарнітурчыку і белых пантофлях і нявеста ў шапцы мушкецёра з пёркамі і ў белым карункавым строі, з букецікам руж, у жаніха ў руцэ пухкая чорная поліэтыленавая торба і бутэлька шампанскага.
Адміністратарка выдала маладым ключы ад прэзідэнцкага люкса і ў роспачы ўздыхнула:
--А чым яны будуць займацца ўсю ноч, вы ведаеце? –рытарычна сказала кабета і адразу ж сама адказала:
--Яны да раніцы будуць лічыць падораныя на вяселлі грошы, і строіць вялікі планы на жыццё...