***
Увечары выйшаў з працы прайсціся з фотаапаратам. У кавярні на Маркса сустрэў аднакласніка, старога пешчанага па-жаночы лавеласа, з дзяўчынкаю Насцяю падобнай да хлопчыка.
Аднакласнік і Насця пілі чырвонае віно, разважалі пра мастацтва і літаратуру. Раптам схаладала, Насця пачала заварочвацца ў ваўняны плед.Я замовіў каву і сфатаграфаваў дзяўчынку. Аднакласнік убачыў фотаапарат і ўзбудзіўся:
– Якая класная рэч знаёміцца з дзяўчатамі! Фотаапарат на другім месцы, пасля аўтамабіля; – выдаў лавелас.
– Вось ты можаш зайсці ў суседні гастраном і сфоткаць Інэсу?
Я аднекваўся, але аднакласнік настойваў, прасіў, тлумачыў, як яму гэта трэба, аказваецца ён даўно ёю захапляецца і ня ведае, як падступіцца.
– Ты сфатаграфуеш, зробіш мне здымак, а я пазнаёмлюся з Інэсаю, у нас завяжуцца сяброўскія рамантычныя адносіны. Яна такая смешная, уся вяснушкаватая яснавокая, рабая рабая, але мне яна вельмі падабаецца, і ня ведаю, як да яе падкаціць! – угаворваў мяне лавелас. Мне стала цікава, з якой дзяўчынкаю ня можа пазнаёміцца стары гуляка. Я пагадзіўся схадзіць у гастраном, знайсці Інэсу і сфатаграфаваць.
Інэса сапраўды аказалася рабою і смешнаю дзяўчынкаю, фатаграфавацца саромелася, але ж на хвілінку выйшла з-за касы на вуліцу. Сакрэт Інэсы банальна просты, яна дакладная копія першай жонкі майго аднакласніка, толькі маладзейшая і рабая.
Аднакласнік прымаў у здымках непасрэдны ўдзел, кіраваў намі, як тэатральны рэжысёр і быў незвычайна шчаслівы. Добрага здымка Інэсы ў мяне не атрымалася, але я паабяцаў днямі надрукаваць, як выйшла. Хутка сцямнела, схаладала і я развітаўся.
[400x600]
Насця, 11.06.2008.
+2