Начны аповед №4. Не забуду цябе
10.03.07. 0:10
Як аказалася, і пасля смерці няма спакою. Новапамерламу давялося адстаяць немалую чаргу ў вакенца “даведкі”. Людзі рухаліся марудна, у асноўным з-за таго, што ледзь не кожны другі не ведаў, з-за чаго памёр, і анёлу даводзілася ўдакладняць па базе дадзеных.
Нарэшце памерлы апынуўся насупраць запаветнага вакенца.
- Імя! – патрабавальна сказаў анёл, што знаходзіўся па той бок ад шкла.
Памерлы прадставіўся.
- Прычына смерці!
Памерлы ўзрадаваўся, што ў адрознасці ад большасці ведае, як памёр, і амаль не з гонарам вымавіў:
- Самагубства.
- Дакладней! – папрасіў анёл пасля некаторай паўзы.
- Атруціўся, - ужо больш сціпла сказаў самагубца з незразумелым сумам у голасе і на кожнае наступнае пытанне адказваў усё болей сціпла. Нарэшце анёл сказаў:
- Пяты паверх, аддзел самагубстваў, кабінет 518а. Вось ваша картка. Наступны!
Па дарозе да ліфта самагубца паспачуваў таму анёлу: людзі паміраюць безупынку, а графіка перапынкаў ён нешта не бачыў.
Ліфт не працаваў, давялося падымацца па лесвіцы. Самагубца заўважыў, што астатнія памерлыя глядзяць адно перад сабой і, па ўсім, настолькі занятыя думкамі пра ўласны лёс, што анічога наўкол не чуюць, не бачаць і не адчуваюць.
У кабінеце 518а таксама сядзеў анёл, але ён быў прыкметна старэйшы за першага, што працаваў у службе даведкі. Па ўсім, і анёлы не бессмяротныя? Анёл сядзеў за сталом, заўважыўшы наведвальніка, працягнуў руку за карткай.
- Давайце яе сюды.
Ён вяла ўставіў картку ў нешта, знешне падобнае на кампутар, а праз секунду ў выніку неверагоднай метамарфозы рэзка ажывіўся.
- Ведаеце, а вы шчэ не мёртвы!
- Як так? – памерлы падышоў да кампутара і ўстаў за спінай анёла.
- Ну вось, кома, ляжыце ў шпіталі.
- І якія шанцы? – асцярожна запытаўся памерлы.
- Што значыць “якія шанцы”? – абурыўся анёл, - Абсалютныя! Мы можам вас выцягнуць! Падрыхтоўка цела да вяртання зойме да тыдня, пабудзеце тут, у рэабілітацыйным цэнтры, бо зараз вы проста не вытрымаеце вяртання ў цела. Чакайце, зараз, загружу вашую будучыню. Ну вось, жонка, двое дзяцей, добрая праца, пра што яшчэ мо...
- Хто гэта? – перапыніў радасную скарагаворку анёла самагубца.
- Гэта? Вашая жонка. Будучая.
- Але... я яе не ведаю!
- Гэта не важна, - адмахнуўся анёл, - Лёс – штука стопрацэнтная. Зараз паглядзім. Вось, яна прыйдзе ў шпіталь да сваёй сяброўкі, памыліцца палатамі і зойдзе да вас. Каханне з першага погляду.
- Што? Каханне... можна запраграмаваць? – жахнуўся памерлы.
- І што тут такога? – паціснуў плячыма анёл.
- Але ж гэта каханне! І наогул, я кахаю іншую!.. – абурыўся самагубца і зацяў дыханне ад прыйшоўшай думкі.
- Не, тое каханне не запраграмавана, - угадаў напрамак разважанняў памерлага анёл, - Але вы на яе забудзецеся.
- Што? У рэшце рэшт, гэта з-за яе я атруціўся!
- І? Яна прыйшла да вас у шпіталь? – строга спытаў анёл.
- А яна ведала? – памерлы быў амаль у гістэрыцы.
- У любым выпадку, такі лёс, - адказаў анёл, імкнучыся скончыць спрэчку.
- І якая верагоднасць? – ледзь стрымліваючы сябе, запытаў памерлы.
- Абсалютная. Сто працэнтаў. Гэта лёс, яго не змяніць.
- Але ж я змяніў! Я атруціў сябе! – ускрыкнуў памерлы.
- А вы ўпэўненыя, што гэта не было запраграмавана? Не абавязкова атручвацца, каб патрапіць у шпіталь. Дастаткова патрапіць пад машыну. Дробязі могуць мяняцца, але не агульнае.
- Тады... тады... не трэба мне такая будучыня! Не трэба мне такі лёс! – пракрычэў самагубца, размахваючы рукамі, і стомлена прысеў ля сцяны.
Анёл здзіўлена пачухаў патыліцу і кудысці выйшаў, відаць, удакладніць, бо нячаста адмаўляюца ад такога шчаслівага жыцця, асабліва, калі альтэрнатыва – смерць.
Прыкладна праз пяць хвілін анёл вярнуўся, узяў за руку памерлага і павёў яго да выхаду.
- Мы не маем права без вашай згоды трымаць вас тут, але размеркаваць у пекла ці ў рай не можам таксама – вы ж яшчэ афіцыйна не памерлі. Таму вы будзеце вернуты ў цела. Болей за паўхвіліны вы не пратрымаецеся, таму паспяшайцеся... – у голасе анёла нечакана пачцліся сум і павага ла памерлага, - А потым пойдзеце адразу ў кабінет 518б. Вось вашая картка. Там вас будуць чакаць.
***
Чалавек ачуняў і ледзь не закрычаў ад невыноснага болю. Ён расплюшчыў вочы. Ля яго сядзела медсястра. Паглядзеў на гадзіннік. Усяго паўхвіліны.
- Па-пе-ра, - прасіпеў ён. Тая хуценька падала яму паперу і аловак і пабегла клікаць дактароў.
З цяжкасцю выводзячы літары, чалавек напісаў: “Не забуду цябе ніколі”. Зноў кінуў позірк на гадзіннік. Секундная стрэлка паёшла на другі круг. Ён пакутліва ўсміхнуўся і ў апошні раз заплюшчыў вочы.
Дактары ўжо мітусіліся вакол яго, але было запозна. Яго чакаў кабінет 518б.
В колонках играет:
Moonspell - Capricorn At Her Feet
LI 5.09.15