«Працаўнікі праваахоўных органаў мяне папярэджвалі, што 8-9 студзеня ўлады пастараюцца ізаляваць арганізатараў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая павінна прайсці 10 студзеня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Таму, калі незнаёмы мужчына стаў да мяне прыставаць і паспрабаваў справакаваць бойку, я паводзіў сябе вельмі карэктна, хоць ён таксама лез да маёй жонкі і сына. Але як толькі да нас сталі набліжацца супрацоўнікі міліцыі, незнаёмец тут жа збег. Міліцыянты ж з гэтага толькі пасмяяліся, маўляў, вось як хутка бегае, і затрымалі нас», – распавёў па тэлефоне падрабязнасці свайго затрымання на вакзале г. Барысава Віктар Гарбачоў, ужо знаходзячыся ў мясцовым аддзяленні міліцыі.
Без тлумачэння прычын у Віктара Гарбачова ўзялі аналіз на наяўнасць алкаголю ў крыві. Па стане на 11.00 супрацоўнікі міліцыі правялі допыт яго жонкі Святланы і дапытвалі самога В.Гарбачова. Нягледзячы на тое, што сям'я Гарбачовых з'яўляецца пацярпелым бокам, іх утрымліваюць у аддзяленні міліцыі разам з непаўналетнім сынам і нічога не тлумачаць.
Разам з тым, па словах Гарбачова, а 11 гадзіне ў Менску павінна было адбыцца пасяджэнне лідэраў прадпрымальнікаў і дырэктараў гандлёвых цэнтраў і рынкаў горада, дзе бакі мелі намер абмеркаваць у тым ліку ход страйку прадпрымальнікаў і мітынг пратэсту, які мае быць.
Як мы ўжо паведамлялі, Віктар Гарбачоў разам з сям'ёй быў затрыманы прыблізна ў 9.30 на вакзале г. Барысава, калі незнаёмы мужчына паспрабаваў задумаць з ім бойку, але пры набліжэнні супрацоўнікаў міліцыі ўцёк.
Нагадаем, у Беларусі з 1 студзеня праходзіць страйк прадпрымальнікаў, якія пратэстуюць супраць дыскрымінацыйнага ўказу №760, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2008 года і які забараняе індывідуальным прадпрымальнікам браць на працу наёмных працаўнікоў, акрамя блізкіх сваякоў.
Прадпрымальнікі патрабуюць ад улад увядзення мараторыя на дзеянне ўказу да прыняцця закона аб малым і сярэднім бізнэсе, улады ж адмовіліся ісці прадпрымальнікам на саступкі. У гэтым звязку прадпрымальнікі маюць намер правесці мітынг пратэсту 10 студзеня а 12 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.