20-га сакавіка 18:30
20-03-2006 18:16
к комментариям - к полной версии
- понравилось!
Дзень першы. Два бакі аднаго дня
Першы дзень народнага пратэсту пакінуў незвычаныя ўражаньні. З цяжкага: мокры холад, пустыя вуліцы ўдзень, неўпарадкаванасьць акцыі, немагчымасьць пачуць прамовы з-за кепскай апаратуры і ад гэтага зразумець далейшыя пляны. Самае галоўнае, прыпыненьне акцыі пратэсту, у час, калі хочацца працягу, і калі, напэўна, ня трэба прыпыняцца, ад чаго ў многіх узьнікла непрыемнае пачуцьцё незавершанасьці.
З добрага: шмат. Нас вельмі шмат! Ня будзем казаць пра дакладную лічбу, аднак, тыя хто пабачыў запоўненую плошчу, з “хвастамі” ў бок “Цэнтральнага” і ў сквэры, той хто пачуў гул “Жыве Беларусь!”, які лёгка далятаў да пл.Перамогі, той ведае, што значыць гэтае “шмат”. Атмасфэра цудоўная, сяброўская, нягледзячы на прысутнасьць самых розных людзей, ад панка з іракезам да вэтэранаў вайны.
Рэжым пабаяўся ўжываць сілу, адчуваючы зьнешні палітычны ціск. Відавочна, што міліцэйскае начальства баялася непасрэдных кантактаў сваіх падначаленых з дэманстрантамі, і не беспадстаўна – там, дзе была магчымасьць знаходзіцца блізка можна было пабачыць прыклады ўзаемнай дружалюбнасьці.
Чаму абавязкова трэба ісьці 20-га, 18:30 на плошчу?
Рэжым немагчыма абрынуць за адзін дзень. Неабходная акцыя моцная, доўгая і нялёгкая як штодзённая праца. Калі мы зможам стварыць тэрыторыю свабоды ў цэнтры сталіцы з удзелам дзясяткаў тысяч людзей, мы дасягнем моцнага псыхалягічнага ўплыву на розумы нашых суайчыньнікаў, якія нечакана для сябе дазнаюцца, што ўлада не ўсемагутная, што Лу сам баіцца беларускіх грамадзянаў. Што мы робім нашую справу насуперак загадам рэжыму, і значыць яны таксама могуць на яго напляваць. І з гэтага моманту ўлада пачне працякаць у дыктатара паміж пальцаў, бо навошта выконваць распараджэньні чалавека, якога не прызнаюць краіны і проста ігнаруюць грамадзяне?
Аднак, трэба усьвядоміць: каб ня кінуць сваёй перамогі, ня страціць свайго – можа адзінага ў 10 гадоў шанцу – трэба працаваць нам усім. Хадзіць на плошчу як на працу і нават адказьней. Калі спатрэбіцца, начаваць на халоднай вуліцы. Дзяліцца сіламі зь сябрамі. Цягаць на плошчу прыпасы. Пераконваць калегаў на працы і сваякоў. Запрашаць і прыводзіць няўпэўненых.
19-га мы паказалі, што гэта магчыма. Аднак, 20-га будзе кантрольным пунктам для многіх нашых суайчыньнікаў: калі мы ізноў зьбярэмся нашым моцным складам, дык нават баязьлівыя пераканаюцца – рост пратэсту – гэта тэндэнцыя, а не выпадковая ўспышка. Гэта магчыма. І тады надалей нашыя сілы будуць толькі расьці.
Калі мы абмяняем вечар 20-га ў шэрагах нашых знаёмых і незнаёмыых сяброў на звычайную бытавуху з тэлевізарам, мы здрадзім сваёй краіне і заб'ем надзеі сотняў тысячаў беларусаў. Гэтf той нячасты выпадак, калі КОЖНЫ чалавек вырашае вельмі многае ў жыцьці сваёй Беларусі.
Нашыя мэты
Мэта нашага пратэсту – законныя, сумленныя і справядлівыя выбары.
Мы ня спынімся, да той пары, пакуль ня будуць выкананыя нашыя ЗАКОННЫЯ патрабаваньні:
1. Вызваленне ўсіх зьняволеных паводле палітычных матываў, арыштаваных на падставе фальшывых абвінавачваньняў актывістаў.
2. Роспуск выбарчых камісіяў ад участковых да ЦВК і фармаваньне новых, у якія, як і належыць, будуць уключаныя прадстаўнікі грамадзкасьці, партыяў і няўрадавых арганізацыяў.
3. Прадастаўленьне доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, якія працуюць на нашыя з вамі грошы і абавязаныя адлюстроўваць, у тым ліку і нашыя погляды. Спыненьне рэпрэсіяў у дачыненьні да незалежных СМІ.
3. Прызначэньне, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, сапраўдных выбараў у тэрмін да 16.07.2006 г.
Пераможам, калі зробім перамогу самі
Нашая барацьба адбываецца ў складаных умовах. Больш складананых, чым, напрыклад, ва Ўкраіне. Не хапае практычна ўсяго: рэсурсаў, паперы, магчымасьцяў друкаваць, сродкаў перадачы інфармацыі і гд. Таму, немагчыма разьлічваць, што ўсё будзе арганізаванае нейкімі штабамі, партыямі і арганізацыямі.
Мы – грамадзяне – абавязаныя ўнесьці сваю долю ў гэтую працу. Ініцыятыва простых людзей вырашае ўсё.
Аб'ядноўвайцеся з вашымі сябрамі ў малыя дзейсныя групы. Выкарыстоўвайце доступ у інтэрнэт і мабільныя тэлефоны для таго, каб распаўсюджваць праўду. Выкарыстоўвайце кампутары, прынтэры, ксэраксы, каб вырабляць і распаўсюджваць матар'ялы. Атрымаўшы ўлётку, прачытайце і абавязкова перадайце іншаму. Закіньце ў скрыню суседу газэту. Намалюйце самі абвестку, альбо плякат і наклейце ў пад'езьдзе. Купіце лішні чакалядны батончык, каб падзяліцца з тымі, хто на плошчы. Нават, сваім выглядам можна працаваць на перамогу – насіце значкі і атрыбутыку паўсюль, а ня толькі на акцыі. Гэта дзейнасьць, процідзейнічаць якой ня ў стане ніякая спэцслужба, проста падавіцца, ня хопіць рэсурсаў. Калі мы пачнем рабіць яе зараз.
Час узяць адказнасьць за нашыя пратэсты, за нашае жыцьцё, за нашую Бацькаўшчыну ў свае рукі. Не чакайце, пакуль хтосьці іншы зробіць за нас нашую працу.
вверх^
к полной версии
понравилось!
в evernote