Пад Смаленскам пацярпеў катастрофу самалёт прэзідэнта Польшчы. Усе 96 пасажыраў, уключаючы прэзідэнта Леха Качыньскага і яго жонку, па папярэдніх дадзеных, загінулі.
Вядома, што самалёт упаў у 10.50 на ўскраіне горада Пячэрск Смаленскай вобласці пры заходзе на пасадку ў вайсковы аэрапорт «Паўночны». Як піша Wiadomosci, над зямлёй у гэты час быў моцны туман.
Па інфармацыі агенцтва, Ту-154 зачапіўся за дрэва. Пасля гэтага, піша газета, на борце самалёта ўспыхнуў пажар.
На месца здарэння выехаў міністр па надзвычайных сітуацыях Расіі Сяргей Шайгу. Створана камісія па расследаванні падзення самалёта на чале з прэм'ер-міністрам Расіі Уладзімірам Пуціным. На месца вылецеў таксама прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
У складзе дэлегацыі, апроч прэзідэнта Польшчы і яго жонкі, былі віцэ-маршалкі Сейму і Сенату, шэф Канцылярыі прэзідэнта, кіраўнікі Бюро нацыянальнай бяспекі, Генеральнага штабу, Нацыянальнага банку, біскупы каталіцкай, праваслаўнай і евангелісцкай Цэркваў, дэпутаты Сейму, іншыя прадстаўнікі польскай улады і грамадскіх арганізацый — гл. поўны спіс пасажыраў ТУ-154.
http://nn.by