***
У Мінску з раніцы да вечара сыпле халодны дробны дождж, кот спіць цэлы дзень, а мне хочацца сонца і мора, таму задумваюся пра адпачынак.
Я не люблю падарожнікаў, якія едуць у чужыя краіны за невядомымі адкрыццямі, як быццам за натхненнем, і выхваляюцца цікавымі прыгодамі, параўноўваюць жыццё іншых, але часцей, як след ня ведаюць ані свайго, ані чужога, на ўсё глядзяць павярхоўна, з вокнаў аўто, як Юра Гагарын на Зямлю з ракеты. Як быццам шырокія далягляды пашыраюць душу.
У Канфуцыя ёсць знакаміты афарызм: “не Шлях пашырае чалавека, а чалавек пашырае Шлях.” Мне хочацца пашырыцца і шахнуць куды да сонца. Мае раслінныя пачаткі нясцерпна патрабуюць фотасінтэзу, хутчэй выпраменьванні Сонца пачаць ператвараць ў энергію арганічных рэчаў.
Ведаю, прырода, жыццё, цікавыя людзі і гістарычныя помнікі ёсць паўсюды, а прыгоды жывуць у сярэдзіна нас саміх, таму я не люблю падарожнічаць і ў адпачынак езджу ў адно і тое ж месца, пятнаццаць гадоў. У Барселону! Кот застанецца дома сумаваць.
[333x500]