сквапнасць
22-05-2008 22:12
к комментариям - к полной версии
- понравилось!
***
У майго стрыечнага брата Анатоля памірала ад лейкеміі дзіця, доўга і пакутліва. Смерць сына выела, спустошыла Анатолеву душу, і тую пустую душу падабралі сектанты, сведкі Іяговы. Анатоль быў дацэнтам, выкладаў механіку, але ў інстытуце ад Анатоля адвярнулі ўсе, і сябры, і калегі, і былыя знаёмыя. Давялося сысці з працы, пачынаць жыццё ад нуля.
Цяпер, калі сустрэць Антоля, то спачатку твар у яго суровы, пахмурны, засяроджаны, ён мусіць сведчыць. І ён сведчыць, і сведчыць, усім і кожнаму, каго сустракае. Такі сектантаў абавязак. Анатоль выдае радыёграмаю, манатонным голасам, -- як сустрэнецца з Богам, і ў яго, там на небе, спытаюць, чаму ён ведаў, і не расказваў пра свае веды, і далей завучаны манахромны тэкст свайго сектанскага сведчання. Але хутка Анатоль выгаворваецца, гэта прыносіць палёгку, свядомасць вяртаецца, твар прасвятляецца, і з Анатолем можна гаварыць, і жартаваць, і ўспамінаць мінулае.
З дзяцінства я вельмі любіў Антоля. Ён на пару гадоў за мяне старэўшы, ня раз браў мяне малога на ранішнюю рыбалку. Мы ўставалі на досвітку, і Анатоль вёз мяне на раме свайго чорнага дарожнага ровара на вялікія азёры, і мы лавілі сапраўдных тлустых карпаў, у нейкім рыбгасе, на браканьерскія донкі, складалі рыбіны ў палатняную торбу і прывозілі да дому яшчэ жывымі. Гэта былі сапраўдныя вялікія рыбацкія прыгоды. Усю рыбу Анатоль заўсёды забіраў сабе.
--Я б аддаў табе рыбу, але ж я не магу, -- гаварыў мне Анатоль: -- таму, што гэта мая рыба.
Я не любіў есці рыбу, і не крыўдаваў на брата, -- крышку сквапны, але ж такі родны і свой чалавек.
Нядаўна ў кампаніі сваякоў сустрэў Анатоля, а ў яго быў злы і засяроджаны позірк, што я пачаў распытваць, якая бяда зноў здарылася з маім брацікам Толікам.
Сястра Анатоля мне прызналася, што брату трэба ў секту аддаваць дзесяціну заробку, а ён дом пачаў будаваць, і яму надта ж грошай шкада, вось ён сядзіць такі злы і хмуры.
--Відаць ня ўсе пачуцці забрала секта, -- парадаваўся я за стрыечнага брата. Вера прыходзіць і сыходзіць, а сквапнасць застаецца назаўжды.
вверх^
к полной версии
понравилось!
в evernote