Наогул, белы і чырвоны колеры характэрныя для беларускай культуры, напрыклад, чырвоныя элементы на белай асноведзі лічацца самым распаўсюджаным спалучэннем колераў ў беларускім арнаменце.[1] Аднак, пацверджаных гістарычных звестак пра паходжанне бел-чырвона-белага сцяга не існуе.[2] Існуе папулярнае меркаванне наконт таго, што пад бел-чырвона-белымі сцяжкамі ваявалі пэўная частка татарскай конніцы ў бітве пад Грунвальдам (1410) і войскі ВКЛ у бітве пад Оршай (1514) — у дадзеным выпадку так тлумачацца кавалерыйскія прапарцы (сцяжкі) з простым чырвоным крыжам на белым фоне, з якімі паказаная конніца ВКЛ на карціне "Бітва пад Оршай" (1520)[3]. Існуе і такое меркаванне, што бел-чырвоны-белы сцяг мог бы быць выведзены паводле правіл геральдыкі з колераў гербу "Пагоня". Цікава, што бел-чырвона-белая аблямоўка выкарыстоўваецца на мантыях праваслаўных архіерэяў некаторых Памесных Цэркваў і сімвалізуе струмяні вучэння, якое выцякае са Старога і Новага запаветаў, і якое павінен прапаведаваць архіерэй.
Як менавіта беларускі нацыянальны сцяг, бел-чырвона-белы сцяг нідзе не ўзгадваўся да 1909.[4] У 1909 – 1917 ім карысталіся некаторыя беларускія дэмакратычныя і незалежніцкія арганізацыі.[5] Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 бел-чырвона-белым сцягам пачалі ўсё часцей карыстацца як сцягам беларусаў наогул. На 1-й сесіі Беларускай цэнтральнай рады (Мінск, 5 жніўня 1917) было пастаноўлена, што ўсе вайскоўцы-беларусы павінны насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрознення.[6] Але яшчэ перад самым Першым усебеларускім з'ездам (7 – 18.12.1917) існавалі іншыя прапановы на ролю дзяржаўнага сцягу – напр., блакітна-бела-чырвоны сцяг.[7] Тым не менш, з'езд праходзіў пад бел-чырвона-белымі колерамі, хоць разгон з'езду і не дазволіў фармальна прыняць пастанову пра дзяржаўны сцяг.
Бел-чырвона-белым сцягам карысталася Беларуская рада ў Мінску да прыходу германскіх войскаў (18 – 25.2.1918). Урад Беларускай Народнай Рэспублікі таксама карыстаўся гэтым сцягам як дзяржаўным, хоць фармальна зацверджаны ён быў толькі 5 жніўня 1918, абвешчаны ў верасні 1918. Тады існавалі і іншыя праекты дзяржаўнага сцягу, а таксама варыяцыі на аснове бел-чырвона-белага. У 1920 гэтым сцягам, як беларускім і дзяржаўным, карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстання і вайск. фармаванні Булак-Балаховіча.
1920-1930-я
Урад БНР у эміграцыі (1919 – 1925, Вільня) карыстаўся бел-чырвона-белым сцягам з дзвюма дадатковымі вузейшымі палоскамі, магчыма, чорнымі[8] У 1920 – 1922 факт існавання беларускага бел-чырвона-белага сцяга перашкодзіў праекту Л. Гросвальдса, які прапаноўваў падобны бел-чырвона-белы сцяг на ролю дзяржаўнага сцяга незалежнай Латвіі.[9] У далейшым бел-чырвона-белы сцяг ужываўся да 1939 у Заходняй Беларусі як нацыянальны, у т.л. КПЗБ (відавочна, з палітычных меркаванняў). У 1927 годзе абмяркоўваўся праект гербу БССР, які ў агульных рысах паўтараў герб СССР, але меў бела-чырвона-белую стужку замест чырвонай. Праект прайшоў некалькі інстанцый, але Прэзідыум ЦВК ў выніку ўсё ж пастанавіў зрабіць стужку чырвонай[10].
1940-я
У час нямецкай акупацыі (1941 – 1944) беларускія нацыянальныя колы, якія супрацоўнічалі з немцамі, карысталіся бел-чырвона-белым сцягам неафіцыйна, і беспаспяхова дамагаліся ад нямецкіх уладаў афіцыйнага прызнання нацыянальнай сімволікі. Але гэта не было зроблена да апошніх дзён нямецкай акупацыі, як сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944).[11] Шырока вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гауляйтэрам Беларусі В. Кубэ і надрукаванае ў газеце "Раніца" (27.6.1942), пра дазвол карыстацца бел-чырвона-белым сцягам побач з германскай сімволікай "пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці", аказалася, па выніках пазнейшых даследаванняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі.[12]
1950-1980-я
Бел-чырвона-белым сцягам карысталася беларуская эміграцыя.
У 1980-я, пасля пачатку дэмакратызацыі ў СССР, бел-чырвона-белы сцяг як нацыянальны быў ізноў уведзены ва ўжытак БНФ (спарадычна з 30.10.1988, масава з 19.2.1989).[13] Нарэшце, бел-чырвона-белы сцяг быў зацверджаны як дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь (19 верасня 1991). 11 снежня Вярхоўны Савет Беларусі зацвердзіў Палажэнне "Аб бела-чырвона-белым сцягуУдакладніць! Рэспублікі Беларусь". Пасля рэферэндуму (14 мая 1995) выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга як дзяржаўнага было спынена. Гэтым сцягам, як нацыянальным, працягваюць карыстацца некаторыя апазіцыйныя беларускія арганізацыі.