• Авторизация


Улады Беларусі пазбаўляюцца ад малога бізнэсу 29-12-2007 18:00 к комментариям - к полной версии - понравилось!


Суботу 29 снежня беларускія прадпрымальнікі абвясцілі Днём нацыянальнай бізнэс-жалобы. У гэты дзень год таму Лукашэнка падпісаў указ № 760, рэалізацыя якога абяцае пазбавіць Беларусь дробнага "неэфектыўнага" бізнэсу, перадае радыёстанцыя ВВС.

"Мы не кажам пра тое, што індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) як клас павінны быць знішчаныя, гаворка ідзе пра іншае: прадпрымальнікі павінны развівацца і станавіцца буйнейшымі", – так растлумачыў сутнасць важных дзяржаве ператварэнняў намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур.

На думку намесніка міністра, індывідуальныя прадпрымальнікі ў свой час адыгралі пэўную ролю ў эканоміцы краіны, але сёння яны ператвараюцца ў "неэфектыўныя структуры".

Указ Лукашэнкі, які ўступае у дзеянне з 1 студзеня 2008 года, прапаноўвае ІП перарэгістроўвацца ў юрыдычных асоб, а тым, хто не хоча змяняць статут, дазваляе выкарыстоўваць у якасці наёмных працаўнікоў толькі самых блізкіх сваякоў.

У Беларусі каля 200 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, 65 тысяч з іх, паводле афіцыйных дадзеных, працуюць з выкарыстаннем наёмных працоўных (колькасць наёмных працоўных у прыватніка, па беларускіх законах, не можа быць большай за 3 чалавекі).

Аляксандр Калінін, намеснік старшыні беларускага саюза прадпрымальнікаў, прагназуе, што пасля ўступлення ў дзеянне ўказу № 760, беспрацоўнымі апынуцца больш за 100 тыс. чалавек.

"У пераважнай большасці прадпрымальнікі ні псіхалагічна, ні фінансава не гатовыя да пераходу на новыя ўмовы працы", – адзначае Аляксандр Калінін.

Змяненне юрыдычнага статуту пацягне павелічэнне колькасці падаткаў (ІП выплачвалі адзіны падатак) і ўскладненне бухгалтарскай справаздачнасці.

"Мой бізнэс не занадта вялікі і не заўсёды прыбытковы, – гаворыць прадпрымальніца Ірына Максімовіч. – Наймаць бухгалтара, а то і двух, ператвараць сваю палатку ў прадпрыемства для мяне – бессэнсоўнасць, пустое марнаванне сілаў і сродкаў".

Тэрмін, адведзены ўладамі прадпрымальнікам для пераафармлення дакументаў па льготнай схеме, мінуў. І, па сцвярджэннях службоўцаў, каля 12 тысяч дробных бізнэсмэнаў ужо аформіліся як прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы (ПУП).

Аднак у Беларускім саюзе прадпрымальнікаў сцвярджаюць, што колькасць ПУП, зарэгістраваных па льготнай схеме, не перавысіла паўтары тысячы. Прафесар Аляксандр Патупа, які доўгі час узначальваў саюз прадпрымальнікаў, перакананы, што цяперашняя рэарганізацыя не пралічаная і не прадуманая.

"Улада груба парушыла пункт 40.3 Генеральнай дамовы паміж урадам, наймальнікамі і прафсаюзамі – не прадставіла праект указу на экспертызу ўдзельнікам дамовы, – гаворыць Патупа. – Зразумела чаму – гэта запатрабавала б нейкай сур'ёзнай аналітыкі, прынамсі, па падпункце 1.1, якім індывідуальныя прадпрымальнікі пазбавіліся права наймаць супрацоўнікаў. Гэтага абгрунтавання мы так дагэтуль і не бачылі".

Адмены пункта, які дазваляе наймаць на працу толькі сваякоў, прадпрымальнікі шматкроць патрабавалі ў зваротах да прэзідэнта, парламента, урада, савета бяспекі. На шматлікіх дазволеных і несанкцыянаваных мітынгах крытычную сітуацыю пазначылі саркастычнымі лозунгамі: "Ажанюся! Працай забяспечу", "Гатовы ўсынавіць трох службоўцаў" і інш.

Уладальнік вулічных шапікаў у горадзе Берасце афіцыйна развёўся з жонкай (яны пражылі разам 20 гадоў) і аформіў шлюб з наёмнай прадаўшчыцай. "Адстаўная" жонка растлумачыла прэсе, што іншай магчымасці захаваць сямейны бізнэс не засталося.

"Адмена так званага "роднаснага пункта" нівялюе ўвесь сэнс гэтага ўказу", – сцвярджае Віктар Гарбачоў, кіраўнік кампаніі "За вольнае развіццё прадпрымальніцтва".

Але начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі гарвыканкама Аляксандр Каліноўскі папярэдзіў індывідуалаў, каб тыя не мелі ілюзій: "Каб не было ніякіх пагалосак і розначытанняў, скажу: на сённяшні дзень пункт 1.1 застаецца без змянення, ніхто не рыхтуе дакументы, якія б уносілі ў яго змяненні. Гэта пазіцыя кіраўніцтва краіны".

Лідэры прадпрымальніцкага руху патрабуюць ад улад прыняць закон аб бізнэсе, выразна пазначыць правілы, па якіх магчыма працаваць.

"Правілы гульні" ўлады змяняюць увесь час, і заўсёды не на карысць прадпрымальнікаў, – гаворыць Аляксандр Макаеў, старшыня каардынацыйнага савету прадпрымальнікаў Менска. – Але цяперашні ўказ вядзе да паслядоўнага знішчэння ўсяго малога бізнэсу: год, не больш працягнуць тыя, хто прымудрыцца неяк прыстасавацца да зададзеных умоў".

Па словах Макаева, увесь буйны, прыбытковы бізнэс у краіне – даўно ў руках дзяржавы. Ён лічыць, што і знішчэнне малога бізнэсу будзе выгоднае дзяржкампаніям, і робіцца гэта для таго, "каб толькі дзяржава дыктавала асартымент і кошты, зарплаты і ступень залежнасці ад кіруючых начальнікаў".

На думку аналітыкаў, кошты на беларускіх рынках падрастуць як мінімум на 20% у сувязі з скарачэннем колькасці прадаўцоў і тавараў.

Прыватнікі пагражаюць двухтыднёвым страйкам на рынках і нявыплатай падаткаў з 1 студзеня.

Хартыя 97

вверх^ к полной версии понравилось! в evernote


Вы сейчас не можете прокомментировать это сообщение.

Дневник Улады Беларусі пазбаўляюцца ад малога бізнэсу | Беларусы - Жыве Беларусь!!! | Лента друзей Беларусы / Полная версия Добавить в друзья Страницы: раньше»