Без заголовка
01-08-2006 15:42
к комментариям - к полной версии
- понравилось!
Легендарнае эссэ "Незалежнасць-гэта..." Уладзiмiра Арлова
Незалежнасьць —гэта...
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi ты зьявiсься на сьвет у радзiльнi, дзе няма самых стэрыльных на зямлi савецкiх прусакоў, затое ёсьць аднаразовыя шпрыцы й пялюшкi.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi твой бацька пойдзе ў загс, каб атрымаць дакумэнт, што ты сапраўды нарадзiўся i што цябе назвалi ў гонар дзеда Рыгорам, i кабета, якая сядзiць там, спакойна выпiша яму гэты дакумэнт, а ня выцягне са стала “Справочник личных имен народов СССР” i ня будзе, размахваючы iм, гiстэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблемаў назваць сына Файзулой цi нават Мамаем, а вось Рыгорам — ня можа, бо такога iмя проста не iснуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое — Григорий).
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi ты пойдзеш у школу i цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая табе падабалася ў дзiцячым садку, — на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мiшу, тату якога завуць Iсакам, — на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькi якога прыехалi сюды, бо ў iхнiм горадзе на Волзе, каб купiць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзiне ранiцы, — на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, i дзеля гэтага тваiм тату й маме ня трэба будзе ўсё лета зьбiраць па кватэрах заявы бацькоў, якiя ня тое каб не хацелi вучыць сваiх дзяцей так, як твае тата й мама, а проста нiколi пра гэта ня думалi, бо вырасьлi пры iнтэрнацыяналiзьме. I гэтыя заявы ня трэба будзе губляць тры разы дырэктару i два — сакратарцы, i ў першы верасьнёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лiнейцы, што “год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы”, а прыйшоўшы ў сваю клясу, не даведаесься, што дзякуючы няўхiльнаму клопату партыi i ўраду ў вас на ўсю клясу толькi ўсяго лемантар i дзьве “матэматыкi” на роднай мове.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi твая дружына ня будзе змагацца за права насiць iмя Паўлiка Марозава цi Аляксандра Мясьнiкова, бо ўсе вы цудоўна ведаеце, як любiў свайго тату Паўлiк i як любiў беларусаў Мясьнiкоў.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi ты будзеш студэнтам i на лекцыi па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, якi вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краiны, нахiнецца да цябе й запытае, што значыць слова “iмавернасьць”, i ты па-француску растлумачыш яму.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi ты будзеш служыць у войску не далей за памежныя горад цi вёску твае зямлi, затое табе нiколi не загадаюць фарбаваць траву й прыбiраць тэрыторыю “вот отсюда и до обеда”. У нядзелю ты зможаш прыехаць да бацькоў цi да свае дзяўчыны, затое нiхто не назаве цябе “бульбашом”, а твайго сябра — “черножопым” за тое, што вы думаеце й гаворыце ў сьне па-свойму, i табе нiколi не загадаюць гастрыць сапёрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку цi ў Тбiлiсi.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi твая дзяўчына кажа, што хоча на выхадныя ў Вену, i ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып`яце кавы насупраць палацу Шонбрун, i ведаеш, што перад вашай вандроўкаю нiхто ня будзе высьвятляць у цябе, цi быў ты ў дзяцiнстве габрэем, а таксама, цi быў ты раней за мяжою i калi вярнуўся адтуль, дык зь якой мэтай.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi на Дзяды, у Дзень памяцi продкаў, ты iдзеш на могiлкi, каб паставiць там свечку i пакласьцi кветкi, а ня стаць удзельнiкам выпрабаваньня балёнчыкаў з нэрвова-паралiтычным газам цi новае мадэлi гумовага дручка.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi твой сын прынес са школы пяцёрку па гiсторыi i ты хвалiш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоiшча i перамогу калектывiзацыi, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдскую бiтву, якая ўратавала твой народ ад сьмерцi, i кажуць праўду пра ўладу, што расстраляла твайго дзеда й задушыла голадам тваю бабулю.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi да цябе завiтае беларускi сьпявак зь Нью-Ёрку, i ты вып`еш зь iм добрую чарку вiшнёўкi, i пасьля ветлiвыя дзядзькi ў цывiльным не запрапануюць табе падрабязна напiсаць, дзе й што вы пiлi й каго пры гэтым лаялi.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi ты пазбаўлены магчымасьцi чуць, як твой прэзыдэнт вучыць з экрану суайчыннiкаў: “Хто как хацiт, той так i гаварыт”, бо твой прэзыдэнт — чалавек пiсьменны i хоць адну мову ўсё ж ведае.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi з тэлеперадач i газэтаў раптам зьнiкаюць лiсты нястомна-таямнiчых вэтэранаў i вусьцiшныя паведамленьнi пра нацыяналiстаў i экстрэмiстаў з народных франтоў, якiя нават уначы ня сьпяць, а распальваюць памiж табой, Алёшам i Мiшам, тату якога звалi Iсакам, а таксама Гражынаю, якая даўно ўжо твая жонка, мiжнацыянальную варожасьць, каб учынiць сярод вас крывавую разьню й пусьцiць пад адхон цягнiк перабудовы.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi нiхто ня страшыць цябе, што твой народ ня зможа выжыць безь вялiкага старэйшага брата, бо ня мае сваiх баксiтаў цi алмазаў, i ты разумееш, што зусiм дарэмна шкадаваў гаротных галяндцаў цi бэльгiйцаў, якiя ня маюць нi баксiтаў, нi алмазаў, нi нават старэйшага брата.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi велiзарныя аўтафуры з надпiсам “Центровывоз” (цi бачыў ты хоць раз такiя фуры, дзе было б напiсана “Центроввоз”?) падрулююць не да чужых, а да нашых крамаў.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi раптам высьветлiцца, што сьветлыя галовы ёсьць i ў нас, i калi — крый Божа! — выбухне завод цi прычынiцца якое iншае лiха, ня трэба будзе чакаць, пакуль прыедзе камiсiя з маскоўскiх разумнiкаў.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi на Божай пасьцелi ведаеш, што пасьля таго, як ты памяняеш гэты сьвет на лепшы, на месцы царквы цi касцёлу, дзе цябе хрысьцiлi i дзе ты вянчаўся, ня выкапаюць сажалку з брудным лебедзем i не пабудуюць басэйн iмя XXVIII зьезду КПСС, а могiлкi, дзе будуць спачываць твае косьцi, не зьнясуць i не ператвораць у закiданы пустымi пляшкамi парк культуры й адпачынку iмя таварыша Гарбачова.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта...
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi ад нараджэньня да скону пачуваесься сваiм чалавекам на сваёй зямлi.
Я веру, што калi-небудзь так будзе.
Бо йначай проста ня варта жыць.
Люты, 1990
вверх^
к полной версии
понравилось!
в evernote