• Авторизация


БНРМ 08-03-2005 23:34 к комментариям - к полной версии - понравилось!


БНРМ
Віталь Тарас. Наша Ніва

Хтосьці слушна заўважыў: "Пасьля трыццаці з музыкай нешта адбываецца". Маецца на ўвазе, зразумела, рок-музыка. Але ж і пасьля трыццаці з табой часам можа адбывацца нешта, з-за чаго "стары добры рок" зноў гучыць гэтаксама, як у маладосьці.

Пры канцы лютага гурт "NRМ" даў разьвітальны канцэрт у менскім начным клюбе "Рэактар" . Паколькі я ўжо шмат гадоў ня быў на канцэртах і ўвогуле не хаджу ў клюбы, мне было ўсё адно, дзе будзе адбывацца імпрэза. Але мае знаёмыя, значна маладзейшыя й больш дасьведчаныя за мяне, зьдзівіліся і нават крыху напалохаліся: "Рэактар"? Гэта ж небясьпечнае месца! Там бываюць крымінальнікі".

Сам факт выступу там "NRМ" іх чамусьці не зьдзівіў. Праўда, пра тое, што канцэрт разьвітальны, нідзе абвешчана не было. Проста ў гурту скончылася так званая ліцэнзія на гастрольна-канцэртавую дзейнасьць. Было б дзіўна, калі б улады, вяртаючыся да колішняй савецкай практыкі, забаранялі штосьці галосна і адкрыта. Фактычна, тое была нізкая й дробная помста за тое, што "NRМ" і яшчэ некалькі беларускіх гуртоў і музыкаў узялі летась удзел у канцэрце падчас мітынгу апазыцыі на плошчы Бангалор у Менску.

Але ж я не пра палітыку. Я пра музыку. Танц-заля ў "Рэактары" была запоўненая моладзьдзю цалкам, і нават на бальконе, дзе квіткі даражэйшыя, вольных месцаў не засталося. Ня думаю, што на дыскатэках, ды ў іншых публічных месцах зараз часта можна пачуць, як моладзь скандуе: "Жыве Беларусь!" Скандавалі ў той вечар і іншыя лёзунгі. Але, памятаючы пра помслівасьць цяперашняй улады, пашкадую кіраўніцтва начнога клюбу.

Зноў жа, я не пра палітыку. Я пра музыку. Пра рок-музыку без палітыкі? Што ж, напэўна, і такое магчыма. Але спачатку трэба ўзяць, хіба, тое пад увагу, што паняцьце "музыка пратэсту", якое ўжывалася савецкай прапагандай у 60-70-я гады мінулага стагодзьдзя ў якасьці эўфэмізму рок-музыкі, ад самага пачатку было паняцьцем абсурдным. Бо прысутнасьць "пратэсту" вызначалася паводле тэкстаў песень заходніх выканаўцаў. Калі ў іх асуджалася вайна ў Віетнаме, напрыклад, ці капіталізм - значыць, песьню можна было дазволіць. Альбо лепш - перакласьці й дазволіць яе выкананьне якім небудзь ВІА з эстрады на расейскай мове, што было самым трапным спосабам забіць песьню.

Вузка-тэматычны падыход часам падводзіў цэнзараў. Сёньня якая-небудзь Джаан Баэз сьпявае пра мір, а заўтра - пра свабоду каханьня! Ці якая-небудзь рок-зорка скажа нешта ў якім-небудзь інтэрвію пра дысыдэнтаў у Савецкім Саюзе, і ўсё - бывайце, кружэлкі фірмы "Мэлёдыя" з запісамі (зразумела, пірацкімі) гітоў гэтай самай зоркі! Праўда, былі ж яшчэ бабінныя магнітафоны. Але гэта зусім ужо асобная гісторыя.

Шчыра кажучы, пераважную частку тагачасных падлеткаў і юнакоў мала цікавілі тэксты, бо ангельскую мову ведалі з нас адзінкі. Проста ўсім сваім ладам, гучаньнем, манерай выканаўцаў, ды проста нейкай агульнай аўрай рок быў сам па сабе пратэстам. І, што парадаксальна, патрапіўшы з Захаду на Ўсход, ён ня толькі не губляў сваёй "пратэставасьці", але толькі набываў яе яшчэ больш. Бо справа была ня толькі ў забароне ўладаў, ня толькі ў канфлікце дзяцей і бацькоў і жаданьні вырвацца з-пад апекі. Справа ў тым, што пазбаўлены, на першы погляд, сэнсу з-за неразуменьня словаў большасьцю слухачоў, рок рабіўся свайго роду квінтэсэнцыяй вольнасьці, непакорлівасьці, бунтарства. Гэтыя якасьці перадаваліся не праз словы, а непасрэдна, праз рытм - у сэрцы.

Але потым здарылася яшчэ адна парадкасальная рэч. З рокам, які загучаў па-расейску, адразу адбылася нейкая дэвальвацыя. Напэўна, з мной ніколі не пагодзяцца прыхільнікі гурту "Акварыюм" ці, тым больш, геніяльнага трагічнага прарока Віктара Цоя. Але я кажу цяпер пра беларускую сытуацыю.
Расейскамоўны рок міжволі стаўся для беларускай моладзі нейкім часовым замяняльнікам, сурагатам свайго, айчыннага року - такога року, напрыклад, які выконваў легэндарны чэскі гурт "Plastic Peoples of the Universe". Гісторыя сучаснага року ведае няшмат выпадкаў, калі музыкаў камуністы саджалі за іхныя песьні ў турму. Так было ў ЧССР, і прэзыдэнт Чэхіі, былы дысыдэнт Вацлаў Гавел прызнаўся пазьней, што маральны прыклад "Пластык піпл..." адыграў вырашальную ролю ў ягоным далейшым жыцьці...

Адных "Песьняроў" з геніяльным самародкам Мулявіным на чале было недастакова на пераломным для беларускае нацыі этапе. Усё-ткі "Песьняры", ня кажучы ўжо пра іншыя "беларускамоўныя" ВІА, ад самага пачатку й вельмі доўга былі ўбудаваныя ў сыстэму савецкага істэблішмэнту й савецкіх каштоўнасьцей. Гэты факт не прыніжае тых "Песьняроў", што сталіся легендай "савецкага року". (Само словазучэньне гучыць амаль што анэкдатычна, але такі рок быў!) Адно не перастаю зьдзіўляцца -- наколькі жывучай выявілася тая мадэль, што ўвесь час нараджае новыя клоны аднаго гурту.

Такім чынам, эпоха запатрабавала іх - і яны выйшлі на беларускую сцэну, рок-каралі і рок-князёўны. Я не пішу мастацтвазнаўчага артыкулу, і таму ня буду тут называць аніякіх імёнаў. Кожны можа назваць сваіх улюбёных музыкаў. Я назваў на самы пачатку толькі адзін гурт, безь якога, лічу, немагчыма ўявіць сучасны беларускі рок. І ня толькі я адзін. Значна важней, што некалькі дзясяткаў, ці сотняў, ці тысячаў хлопцаў і дзяўчатаў ужо ня могуць жыць безь Незалежнай Рэспублікі Мроі. Частка гэтых людзей апантана засьведчыла гэты факт у "Рэактары" 22 лютага.

Ці было гэта разьвітаньне з рокам? Дазволю сабе ўсумніцца. Па-першае, "NRМ", я ўпэўнены, нікуды ня зьнікне - прынамсі, надоўга. Па-другое, і гэта яшчэ больш важна - паслухайце адну менскую ФМ-станцыю, і вы вельмі хутка пераканаецеся, як шмат стала таленавітых беларускіх рок-гуртоў і музыкаў за апошні час, як далёка сягнуў айчынны рок і ў пляне майстэрства і ў пляне зьместу. Я наўмысна не называю станцыі, бо рэкляма ёй зусім непатрэбная. Хаця б таму, што разьвіьцё беларускага року зусім не ўваходзіць у пляны тых, хто ўвёў на ўсіх радыёстанцыях "залатое правіла" 75:25. У пляны начальства ўваходзіць, каб на ўсіх хвалях гучала 25 працэнтаў расейскай папсы і 75 - "беларускай". На вялікі жаль, тут нельга ўжыць нават слова "беларускамоўная". Бо сутнасьць тут - у самых адсоткавых суадносінах паміж гэткай музыкай і гэткай. Інакш кажучы, размова ідзе аб кантролі ідэалягічнага начальства за тым, колькі і якой музыкі павінна гучаць у эфіры. Гэта мы ўжо праходзілі. І гэта ніколі не давала плёну. Музыка існавала і будзе існаваць не для начальства, а для тых, каму яна найбольш патрэбная - гэта значыць, для тых, каму сёньня яшчэ няма трыццаці.

Рок-н-рол хутчэй жывы, чымся мёртвы! Жыве БНРМ!
вверх^ к полной версии понравилось! в evernote


Вы сейчас не можете прокомментировать это сообщение.

Дневник БНРМ | Юрка_Дальнобойный - Дневник Юрка_Дальнобойный | Лента друзей Юрка_Дальнобойный / Полная версия Добавить в друзья Страницы: раньше»