[473x295]
Барацьба ў майстэрстве не толькі пісаць вершы, але і чытаць іх са сцэны так, каб у гледача, як кажуць, дрыжыкі па целе прайшліся, і ёсць паэтычны слэм. У літаратуры ён, што рок-н-рол у музыцы. Творы не вызываюць заміранне і супакаенне сэрцаў, а наадварот, выклікаюць ў слухачоў буйства эмоцый і пачуццяў. Гэта доказ таго, што паэзія можа быць не толькі лаканічнай, спакойнай і па-дзявочаму сціплай, але і ў нейкім сэнсе дзікай, жорсткай, калючай, захапляльнай, авангардыстскай…
Напрыклад, адзін з нашых беларускіх слэмераў жаваў мяса, другі – лёг у труну. Нехта з аўтараў можа падчас выступу страціць прытомнасць, выбачце, дазволіць сабе памачыцца са сцэны, а нехта выйдзе адзін на адзін са сваім вершам і проста эмацыйна яго прачытае. Ды так, што ў паўзалы вочы расплюшчацца і рты паразяўляюцца. А вось Віктар Лупасін, падчас першага беларуска-украінскага слэму, выйшаў на сцэну ў чорным гарнітуры і, не звяртаючы ўвагі на выкрыкі Андрэя Хадановіча (аднаго з арганізатараў) “Час! Ужо хвіліна!”, задуменна гартаў свой тоўсты спісаны сшытак з вершамі. Яшчэ праз хвіліну Віктар усміхнуўся – знайшоў! А пасля спакойным голасам прадэкламаваў: “ Я – Пиндар, Архилох и Писистрат!», потым пакланіўся і пайшоў. Гэта быў свайго роду трыумф. Сяржук Патаранскі на тым жа слэме, не звяртаючы ўвагі на правілы спаборніцтва, пасля кожнага патрыятычнага верша выкрыкваў: “Жыве Беларусь!” І зала яму адклікалася: “Жыве!”
Як паведаміла Маргарыта Аляшкевіч, адна з арганізатараў слэмаў, правілы амерыканскага слэму вельмі адрозніваюцца ад правіл беларускіх літаратурных спаборніцтваў. Ніякага рэквезіту на сцэне, ніякіх адмысловых касцюмчыкаў, песень ці танцаў. Аўтар павінен крануць сэрца слухача толькі сваёй уласнай энергетыкай. Такімі ж жорсткімі яны былі і падчас першага англамоўнага слэму ў Беларусі “English Language Youth Poetry Slam Competition (ELYPS)”, які ладзіўся ў лютым 2009 года. Тады нават дзяўчыне, якая трымала ў руках свечку, зрабілі заўвагу. Але са сцэны ўсё ж не сагналі. Пэўна таму, што выступ быў эмацыйным і прыгожым, а яшчэ таму, што аб правілах фіналісты даведаліся толькі раніцай.
А вось першы (сапраўды наш) беларускі слэм займеў месца яшчэ ў жніўні 2008 года на трэцім міжнародным фэстывалі паэзіі «Парадак слоў» (Мінск, фальварак «Добрыя мыслі»). Пераможцам тады стаў Віктар Жыбуль, вядомы паэт і даследчык беларускай літаратуры. Неяк у інтэрв’ю на радыё “Свабода” ён прызнаўся: “Слэм зяўляецца для мяне нейкай разрадкай. Адчуванні падчас выступу такія незвычайныя! Гэта нейкі ўзаемаабмен энэргіяй з публікай. Цікавая дэталь: заўсёды, калі я выступаю на слэме, у мяне спыняецца электронны гадзіннік. На беларуска-украінскім слэме, напрыклад, ён у мяне спачатку пачаў адставаць на дваццаць хвілін, а потым, калі я націснуў кнопачку, каб завесці як мае быць, ён у мяне ўвогуле адключыўся”.
Мабыць, нездарма Віктар Жыбуль біўся галавой аб сцяну на слэме, які арганізатары пафасна ахрысцілі “Першы Купалаўскі” (праводзіўся ў Купалаўскім тэатры). І там ён ўзяў першае месца. Акрамя таго, што пераможца паспрабаваў на лоб моц сцяны, на гэтым паэтычным спаборніцтве было яшчэ шмат эмацыйнага і шакіруючага. Напрыклад, нясвіжскі паэт Віктар Быль размаўляў са сваім чаравіком і расказваў гісторыю пра готку Барбару Радзівіл і эма Жыгімонта.
Галоўнае, што стрымлівала паэтычныя бясчынствы, гэта строгае журы. Звычайна, слэм судзяць толькі гледачы. А на “Першым Купалаўскім” яно было камбінаванае: складалася як з гледачоў, так і з прафесіяналаў.
Адзін з апошніх слэмаў Беларусі прайшоў вясной 2009 года. Меў цікавую назву – “Яблычны слэм”. Ды не, там не раздавалі кожнаму прысутнаму па яблыку. Не. Ён проста праводзіўся ў мінскім рэстаране “Яблык”. Гледачоў было так многа, што не хапала не толькі месцаў, але і паветра. Кожны аўтар у сваёй манеры чытаў верш. Слухачы перажывалі разам з паэтамі кожны радок, кожны іх рух. Вольга Квецень падала на калені з дрыжачымі рукамі, Адам Шастак спрабаваў чытаць вершы нараспеў, як мантры, Вячаслаў Бажко глядзеў у адну кропку. І кожны выступ адрозніваўся сваёй непаўторнай эмацыйнасцю.
Увогуле мы, заўсёды занятыя, мітуслівыя беларусы, мала што ведаем пра слэм. Спыні каго на вуліцы і спытайся – мабыць, толькі дзясятая частка зможа нешта больш-менш адмысловае адказаць. А іншыя толькі вочы разлупяць “Што гэта за слова такое нярускае?” Нельга так. Нельга, каб слэм быў заключаны ў кола паэтаў і акцёраў, крытыкаў і літаратараў. Трэба выносіць яго, як кажуць, у масы. Распаўсюджваць сярод моладзі. Англамоўныя слэмы – гэта толькі першы крок. Патрэбна праводзіць такія спаборніцтвы не толькі ў сталіцы, але і па-за яе межамі.У кожнага свая думка.
Усеагульная гісторыя слэму
Слэм як від паэтычнага спаборніцтва ўпершыню быў праведзены ў ліпені 1986 года ў Чыкага (клуб Green Mill – “Зялёная мельніца”). Першую вечарыну з серыі Uptown Poetry Slam арганізаваў амерыканскі паэт Марк Сміт, якога пасля ахрысцілі “бацькам слэму”.
Материал взят из газеты Института журналистики БГУ "Кальварыйскi лiсток".
Автор - Виктория Митько