Вальжына Морт (3 штуки)
26-05-2007 08:18
к комментариям - к полной версии
- понравилось!
* * *
ФАБРЫКА АНАНІМНЫХ СЬЛЁЗАГОЛІКАЎ
і зноў па выніках году
самых высокіх паказьнікаў
дасягнула фабрыка сьлёз.
пакуль міністэрства транспарту таптала абцасы,
пакуль міністэрства сардэчных справаў
білася ў істэрыцы,
фабрыка сьлёз працавала па начах,
нават па сьвятах ставіла рэкорды вытворчасьці.
у час, калі станцыя па апрацоўцы ежы
перажоўвала чарговую катастрофу,
фабрыка сьлёз перайшла на эканамічна рэнтабэльную
пераапрацоўку адыходаў мінулага –
галоўным чынам, асабістых успамінаў.
фотаздымкі работнікаў году
ўрачыста разьмясьцілі на сьцяне плачу.
я – інвалід працы фабрыкі-героя сьлёз,
у мяне на вачах мазалі,
у мяне пералом шчок.
мне плацяць заробак прадукцыяй, якую я вырабляю.
і я шчасьлівая тым, што маю.
* * *
мая бабуля
ня ведае болю
яна думае што
голад гэта ежа
галота гэта багацьце
смага гэта вада
яе цела як вінаград абвілася вакол палкі
яе валасы як пчаліныя крылцы
яна глытае сонечныя зайчыкі таблетак
называе інтэрнэт тэлефонам ў амэрыку
яе сэрца стала ружаю – яго толькі і можна
што нюхаць
прыціскаючыся да яе грудзей
больш ад яго ніякага толку
толькі кветка
яе рукі як ногі бусла
чырвоныя палачкі
і я сяджу на кукішках
і выю ваўком
на белую поўню тваёй галавы
бабуля
я кажу табе гэта ня боль
гэта так моцна цябе абдымае бог
цалуе і коле сваёй няголенай шчакою
* * *
БЕЛАРУСКАЯ МОВА
І
за тваімі межамі, мая краіна,
пачынаецца вялізны дзіцячы дом.
і ты вядзеш нас туды, беларусь.
можа, нарадзіліся мы бяз ног,
можа, ня тым багам молімся,
можа, табе ад нас гора,
можа, мы невылечна хворыя.
можа, няма табе чым нас карміць,
але ці ж ня ўмеем мы жабраваць
можа, ты й ніколі не хацела нас,
але ж і мы на пачатку
ня ўмелі цябе любіць.
твая мова такая маленькая,
што яшчэ й размаўляць ня ўмее.
а ты, беларусь, у гістэрыцы,
табе ўсё здаецца,
што акушэркі пераблыталі скруткі.
што ж табе зараз карміць чужое дзіця,
сваім малаком паіць мову чужую?
мову, што ляжыць сіняя на падваконьні,
ці мова гэта, ці шэрань леташняя,
ці шэрань гэта, ці толькі ад укрыжаваньня цень,
ці цень гэта, ці проста нічога.
гэта ня мова,
бо няма ў ёй ніякай сыстэмы.
яна, як сьмерць, раптоўная й неразборлівая,
як сьмерць, ад якой немагчыма памерці,
як сьмерць, ад якой мерцьвякі ажываюць.
мова, дзеля якой дзяцей кладуць на патэльні,
мова, дзеля якой брат забівае брата,
мова, ад якое нікому не ўратавацца,
мова, што нараджае ўродаў-мужчынаў,
нараджае жанчын-жабрачак,
нараджае безгаловых жывёлаў,
нараджае жабаў з чалавечымі галасамі.
гэтай мовы не існуе,
яна нават ня мае сыстэмы.
зь ёй размаўляць немагчыма,
яна адразу б’е ў морду,
нават на сьвяты.
гэтую мову па горадзе не разьвесіш,
яе ўжо не ўпрыгожаць ні фаервэркі,
ані нэон.
я а клала на тую сыстэму
свой
А К А Р Д Э О Н.
а мой акардэон –
ён як расьцягне мяхі –
як горныя вярхі –
такі мой акардэон.
ён ежу бярэ з рукі,
ён ліжа і, як дзіця,
ня злазіць з маіх калень.
але, калі трэба, ён
пакажа свой траляля!
ІІ
Нават нашыя маці ня знаюць як мы зьявіліся ў сьвет
Як мы самі рассунуўшы іхныя ногі вылезьлі вонкі
Так вылазяць пасьля бамбардаваньня з руінаў
Мы ня ведалі хто з нас хлопец а хто дзяўчына
І жэрлі зямлю і думалі што жарэм хлеб
А нашая будучыня гімнастачка на тонкай
Нітачцы далягляду што там яна толькі
Ні вырабляла
Бля
і мы расьлі ў краіне дзе
спачатку крэйдай крэсьляць дзьверы
і ўночы прыяжджаюць дзьве-тры машыны
і звозяць нас але
ў тых машынах былі не мужчыны
з аўтаматамі
і не жанчына з касою
але так да нас прыяжджала каханьне
і забірала з сабою
Толькі ў грамадзкіх туалетах мы адчувалі свабоду
Дзе за дзьвесьце рублёў ніхто не пытаў што мы там робім
Мы былі супраць сьпёкі летам супраць сьнегу зімой
А калі аказалася што мы былі нашай мовай
І нам вырвалі языкі мы пачалі размаўляць вачыма
А калі нам выбралі вочы мы пачалі размаўляць рукамі
Калі нам адсяклі рукі мы размаўлялі пальцамі на нагах
Калі нам прастрэлілі ногі мы ківалі галавою на «так»
І хіталі галавою на «не». І калі нашыя галовы зьелі жыўцом
Мы залезлі назад у чэравы нашых сьпячых маці
Як у бамбасховішчы
Каб нарадзіцца зноў
А там на даляглядзе гімнастачка нашай будучыні
Скакала праз агнявы абруч
Сонца
Пі...ец
(Мартынава) нарадзілася ў Менску ў 1981 годзе. Паэтка, аўтарка кніжкі «Я тоненькая, як твае вейкі» (2005). Атрымала міжнародную літаратурную ўзнагароду «Крышталь Віленіцы» (Славенія, 2004). Перакладае з ангельскай і польскай моваў.
вверх^
к полной версии
понравилось!
в evernote